Мінск 17:06

КДК выявіў парушэнні ў 17 крамах Магілёўскай вобласці

14 ліпеня, Позірк. Пра выяўленне парушэнняў у 17 крамах у Бялыніцкім, Горацкім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Сярод парушэнняў названыя “завышэнне цэн (гандлёвыя надбаўкі ў 40–70% замест дазволеных 15–30% на імпартнае печыва, айчынныя таматы і бульбу)”, а таксама “продаж пратэрмінаванай прадукцыі (мясныя паўфабрыкаты, кандытарскія і каўбасныя вырабы са скончаным тэрмінам прыдатнасці)”.

Акрамя таго, у палове правераных гандлёвых аб’ектаў устаноўлена “невыкананне пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы (цукар, тварог, яйкі, мяса птушкі, рыба адсутнічалі)”.

Правяральшчыкі таксама выявілі факты “рэалізацыі тавараў без маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі і ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі, без неабходнай інфармацыі для спажыўцоў”.

5 чэрвеня паведамлялася пра выяўленне парушэнняў у 14 сельскіх крамах у Гомельскім, Жлобінскім, Калінкавіцкім і Чачэрскім раёнах.

Парушэнні практычна аднолькавыя — рэалізацыя тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, адсутнасць абавязковых да продажу прадуктаў харчавання і тавараў, адсутнасць неабходнай для пакупніка інфармацыі.

1 чэрвеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла, што падчас праверкі 190 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці выявіла “шматлікія парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў”. Прэтэнзіі ўзніклі больш чым у 80% выпадкаў.

4 красавіка паведамлялася, што ва ўсіх правераных крамах рознічнай сеткі “7 пятніц” (належыць ТАА “ЮніСтор Груп”) выяўлены парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў.

10 сакавіка МАРГ паведаміла, што парушэнні правіл гандлю ўстаноўлены амаль у кожнай трэцяй праверанай краме сеткі “Табакерка”, якая належыць СЗАТ “ЭНЕРГА-ОЙЛ”.

28 лютага МАРГ інфармавала пра парушэнні правіл гандлю, устаноўленыя ва ўсіх правераных крамах сеткі “Хіт!”, якая належыць ТАА “Еўрагандаль”.

20 лютага ведамства ўказала на парушэнні ў 96% гандлёвых аб’ектаў рознічнай сеткі “Капеечка”.

Раней МАРГ прад’явіла маштабныя прэтэнзіі да інтэрнэт-пляцоўкі “Вайлдберыз” і гандлёвай сеткі “Суседзі”.

Падзяліцца: