Мінск 17:06

Ціханоўская ў віншаванні Макрону: Гісторыя Францыі нагадвае нам, што сцены тыраніі могуць упасці, калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля свабоды

Архіўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

14 ліпеня, Позірк. З Днём узяцця Бастыліі павіншавала 14 ліпеня прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Таксама палітык павіншавала з Нацыянальным святам народ Францыі, вынікае з яе паведамлення ў сацсетцы X.

Паводле слоў Ціханоўскай, гісторыя Францыі “нагадвае нам, што нават самыя моцныя сцены тыраніі могуць упасці, калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля свабоды”.

“Дзякуй за тое, што стаіце разам з намі на шляху да свабоднай Беларусі”, — падкрэсліла яна.

2 кастрычніка 2025 года Ціханоўская сустрэлася ў Капенгагене з Макронам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці.

24 траўня 2026 года адбылася тэлефонная размова Макрона і Лукашэнкі. Агенцтва AFP са спасылкай на ананімную крыніцу, блізкую да прэзідэнта Францыі, паведамляла, што той перасцярог Лукашэнку “ад удзелу ў вайне Масквы супраць Украіны”.

3 чэрвеня стала вядома пра візіт у Беларусь генеральнага дырэктара Галоўнага ўпраўлення знешняй бяспекі Францыі Нікаля Лернера. Афіцыйна пра яго не паведамлялася, але крыніца “Позірку” ў дыпламатычным асяроддзі пацвердзіла інфармацыю.

Дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі падчас візіту ў Парыж у сярэдзіне чэрвеня правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта ў Елісейскім палацы, Міністэрства Еўропы і замежных спраў, а таксама Нацыянальнага сходу Францыі.

Лукашэнка ў віншаванні 14 ліпеня традыцыйна ўстрымаўся ад таго, каб персанальна павіншаваць кіраўніка краіны, якую рэжым адносіць да ліку “недружалюбных”, павіншаваўшы з Нацыянальным святам толькі народ краіны.

Падзяліцца: