Мінск 23:04

Юрасобы амаль выбралі гадавы ліміт на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў

14 ліпеня, Позірк. Юрыдычныя асобы “рэзка павялічылі” ўвоз у Беларусь электрамабіляў паводле бяспошліннай квоты, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Як адзначаецца, на 14 ліпеня 2026 года юрыдычныя асобы вычарпалі свой гадавы ліміт на 94,1%, фізічныя — на 68%.

Раней кіраўнік ведамства Уладзімір Арлоўскі заяўляў, што агульны ліміт для Беларусі ўстаноўлены ў рамках дамоўленасцяў у Еўразійскім эканамічным саюзе: “Квота ўстаноўлена ў памеры 20 тыс. аўтамабіляў [за год]”.

Абмежаванне ўведзена рашэннем ЕЭК у снежні мінулага года.

Пастанова беларускага ўрада ад 5 траўня № 223 размеркавала названую квоту паміж юрыдычнымі і фізічнымі асобамі: 13,8 тыс. і 6,2 тыс. адпаведна.

Першыя яшчэ могуць задэклараваць 810 электрамабіляў, другія — 1.987.

У чэрвені 2026 года прадпрыемства “Белтэхагляд” выдала на электрамабілі 2.696 дазволаў (годам раней — 1.635; рост у 1,6 раза) на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Паводле даных “БАА-Кансалт” (даччынае прадпрыемства Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі), па выніках чэрвеня прададзена 2,4 тыс. адзінак — на 31% менш за травеньскі вынік. Адзначалася, што “такое зніжэнне асабліва прыкметнае на фоне папярэдніх месяцаў, калі менавіта электрамабілі былі адным з найбольш хуткарослых сегментаў рынку новых аўтамабіляў”.

Паводле тыпаў рухавікоў прададзеныя ў Беларусі ў 2025 годзе мадэлі размеркаваліся наступным чынам: ДВЗ — 82,17% ад агульнай колькасці, электрычныя — 12,48%, гібрыды — 5,35%.

Падзяліцца: