Мінск 13:13

Пачобут у снежні хоча вярнуцца ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства

Анджэй Пачобут
Відэазапіс: tvp.pl / стоп-кадр: "Позірк"

27 кастрычніка, Позірк. Пра намер зноў паехаць у Беларусь і застацца там на пастаяннае месца жыхарства заявіў у інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita беларускі журналіст польскага паходжання, былы палітвязень Анджэй Пачобут.

“Такое рашэнне было з самага пачатку. Я ўвесь час пра гэта кажу. У снежні я вяртаюся ў Беларусь”, – падкрэсліў ён. “Вядома, сям’я хацела б, каб я застаўся ў Польшчы. Бацькі таксама. У той жа час яны разумеюць мае матывы і ведаюць, які я чалавек”, — дадаў ён.

У гутарцы Пачобут апісаў падзеі свайго вераснёўскага тыднёвага візіту ў Беларусь. Найперш ён паехаў у Гродна, дзе знаходзіцца яго дом. “Знаёмых няма. Ніколі раней са мной не здаралася такога, каб я прайшоў па цэнтры горада і не сустрэў нікога са знаёмых. А цяпер менавіта так і было. Калі я нарэшце ўбачыў чалавека, якога ведаю, ён быў вельмі здзіўлены маёй прысутнасцю. Я таксама здзівіўся, што сустрэў яго, таму што ўжо паспеў прывыкнуць да таго, што знаёмых няма. Да гэтай пустаты”, — падзяліўся журналіст.

Паводле яго слоў, сёння прасцей сустрэць знаёмых з Гродна ці Мінска “на вуліцы ў Беластоку, Варшаве і нават у Вільнюсе”.

Пачобут таксама апісаў візіт беларускіх спецслужбаў у ягоную гродзенскую кватэру: “Гэта было адразу пасля прыезду. Да нас у кватэру прыйшоў міліцыянер з уключаным відэарэгістратарам. Усё было афіцыйна. Дзе працую, як доўга буду ў Беларусі. Я адказваў, што толькі што прыехаў. Не хацеў даваць адказаў. Наогул у такіх сітуацыях я імкнуся казаць як мага менш. Ён пайшоў, потым вярнуўся і сказаў, што ў чацвер мне трэба з’явіцца ў аддзяленне. Спытаў, ці прыйду я. Я адказаў: “Вядома”. Я чалавек, які паважае закон, насуперак таму, што напісана пра мяне ў іх паперах”.

На наступны дзень яму патэлефанавалі і паведамілі, што прыходзіць у аддзяленне не трэба.

Пачобут таксама адзначыў, што не можа мець у Беларусі мабільны тэлефон: “Як “экстрэміст” і “тэрарыст” я не магу ім валодаць. Спачатку я пайшоў перарэгістраваць на сябе стары нумар, які быў запісаны на жонку. Гэта зрабілі, але пасля трох званкоў нумар перастаў працаваць. Я пайшоў высвятляць сітуацыю і даведаўся, што не маю на яго права”.

Паводле ацэнкі Пачобута, пацяпленне стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю цяпер немагчымае, “але прынцып “паслуга за паслугу” ў стасунках з Лукашэнкам можа спрацаваць”.

Пачобут правёў у зняволенні больш за пяць з васьмі гадоў, прызначаных яму беларускім судом у якасці пакарання ў рамках палітычна матываванай справы. У канцы красавіка 2026 года ён быў вызвалены ў рамках шматбаковага “шпіёнскага“ абмену паводле формулы “пяць на пяць“.

Пра планы Пачобута вярнуцца ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства паведаміў у верасні ў інтэрв’ю тэлеканалу TVP.

Пачобут неаднаразова заяўляў, што магчымасць вярнуцца ў Беларусь была адной з прынцыповых умоў, на якіх ён пагадзіўся пакінуць краіну пасля выхаду на волю.

Падзяліцца: