Мінск 14:52

Ад выбуху газу на вуліцы Алтайскай у Мінску пацярпелі два чалавекі і два аўтамабілі (дапоўнена)

Відэазапіс: МНС / стоп-кадр: "Позірк"

27 кастрычніка, Позірк. Два чалавекі і два аўтамабілі пацярпелі праз выбух (у афіцыйнай зводцы МНС традыцыйна гэтае слова замененае на “ўспышку“, каб вербальна зменшыць маштаб надзвычайнага здарэння) газу на вуліцы Алтайскай у Менску ўвечары 26 кастрычніка.

Інцыдэнт здарыўся на першым паверсе 9-павярховага дома.

Паводле папярэдняй інфармацыі, атрымаў апёкі гаспадар кватэры. Выбітай аконнай рамай траўмаваны мужчына, які праходзіў міма, і пашкоджаны два прыпаркаваныя аўтамабілі. Пацярпелыя грамадзяне шпіталізаваныя.

Апорныя канструкцыі дома і сумежныя кватэры не пашкоджаныя, адзначаецца ў паведамленні.

Дапаўненне. Следчы камітэт паведаміў, што 55-гадовы мінчанін “запраўляў запальнічку з выкарыстаннем газавага балончыка, не прызначанага для гэтых мэтаў“. Пасля завяршэння працэдуры мужчына “вырашыў праверыць спраўнасць запальніцы, у выніку чаго адбылося ўзгаранне і наступны выбух газапаветранай сумесі“. Адзначаецца, што выбух здарыўся “без наступнага гарэння”.

“З апёкамі гаспадар кватэры шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя. Выбуховай хваляй выбіла аконную раму, аскепкі якой траўмавалі 26-гадовага мінака. Ён таксама знаходзіцца пад наглядам медыцынскіх работнікаў. Акрамя таго, механічныя пашкоджанні атрымалі аўтамабілі, прыпаркаваныя каля дома”, — адзначыла ведамства.

Падзяліцца: