Мінск 17:16

Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну Міхаіла Кікоіна

Фота: MALDZIS

27 кастрычніка, Позірк. Аб набыцці на аўкцыёне ў Ізраілі карціны “Партрэт жанчыны” знакамітага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтваў і ўраджэнца Гомеля Міхаіла Кікоіна паведаміла ініцыятыва MALDZIS.

Праца выкананая алеем на дошцы, мае авальную форму і падпісана аўтарам. Датуецца 1918-1920 гадамі і адносіцца да ранняга парыжскага перыяду творчасці мастака, калі ён жыў у інтэрнаце для бедных мастакоў La Ruche (“Вулей“).

7 лістапада карціну будзе прадстаўленая на канферэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen у Варшаве. У далейшым яе плануецца перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунка. Паводле інфармацыі MALDZIS, у гомельскіх музеях жывапісных работ Кікоіна няма.

Карціна набытая на сродкі Паўла Данейкі, Івана Шылы і мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.

“Лёс і творчасць Кікоіна даюць нам новы доказ таго, што Беларусь была часткай еўрапейскай культуры і ўнесла значны ўклад у яе развіццё“, — заявіў кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Паводле слоў куратара MALDZIS Рыгора Астапені, асаблівая каштоўнасць працы заключаецца ў тым, што яна адносіцца да перыяду, калі ў “Вуллі“ фармавалася гісторыя Парыжскай школы.

Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў Гомелі 14 траўня 1892 года. У юнацтве вучыўся ў Мінскім камерцыйным вучылішчы і наведваў прыватную мастацкую школу Якава Кругера, дзе пазнаёміўся з Хаімам Суціным. У 1909 годзе яны разам пераехалі ў Вільню, дзе пазнаёміліся з мастаком Пінхусам Крэменем.

У 1912 годзе Кікоін перабраўся ў Парыж і пасяліўся ў La Ruche. У 1919 годзе ў галерэі Cheron адбылася яго першая персанальная выстава. У 1924 годзе мастак атрымаў французскае грамадзянства.

У 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, мастака прызвалі ў французскую армію, дзе ён служыў у рэзервовым палку ў Суасоне. Пасля капітуляцыі Францыі Кікоіна дэмабілізавалі, і ён вярнуўся ў Парыж. У 1941-1944 гадах, хаваючыся ад нацыстаў, ён разам з сям’ёй жыў у ваколіцах Тулузы.

З 1945 года Кікоін вярнуўся да творчасці. У 1950-я гады мастак здзейсніў некалькі паездак па Іспаніі, Італіі і Вялікабрытаніі, наведаў Ізраіль.

У 1940-1960-я гады адбыўся шэраг персанальных выстаў Кікоіна, у тым ліку ў Манпелье, Нью-Ёрку, Парыжы, Ментоне, Страсбургу, Лондане, Бардо, Сен-Поль-дэ-Вансе.

Мастак памёр у Парыжы 4 лістапада 1968 года.

Працы Кікоіна захоўваюцца ў прыватных і музейных калекцыях у Францыі, ЗША, Японіі, Ізраілі і іншых краінах. У Беларусі яны прадстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка“.

Падзяліцца: