Мінск 14:54

Да ліквідацыі самагоннай вытворчасці ў Маладзечанскім раёне быў прыцягнуты АМАП

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. Пра два выпадкі, звязаныя з незаконным самагонаварэннем у Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць), паведаміла 20 чэрвеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што інфармацыю “пра факты вырабу самагону для продажу” атрымаў участковы інспектар раённага аддзела міліцыі.

“У гаспадарчай пабудове 38-гадовага жыхара в. Вязавец знойдзены самагонны апарат, больш за 5 т брагі і каля 400 л гатовага прадукту”, — паведаміла МУС, адзначыўшы, што вытворчасць ліквідаваная “пры сілавой падтрымцы” атрада міліцыі асаблівага прызначэння.

“А ў аўтамабілі на падворку 42-гадовага жыхара в. Насілава вынятыя палімерныя ёмістасці агульным аб’ёмам 420 л з вадкасцю, якая мае характэрны пах вадкасці з ўтрыманнем спірту хатняй вытворчасці. Прызначаная экспертыза”, — гаворыцца ў паведамленні.

МУС нагадала, што “за выраб, захоўванне і перавозку алкагольных напояў і іх паўфабрыкатаў без адпаведнай ліцэнзіі, а таксама за захоўванне апаратаў для іх вытворчасці” прадугледжаны штраф — да 30 базавых велічынь (1.350 рублёў) з канфіскацыяй прадмета правапарушэння.

Адметна, што Маладзечанскі раён часцей, чым які-небудзь іншы, трапляе ў міліцэйскія зводкі ў кантэксце барацьбы з самагонаварэннем.

21 сакавіка МУС паведаміла пра ліквідацыю падпольнага “міні-прадпрыемства па вытворчасці моцных напояў” у вёсцы Схоліна. У 61-гадовага мясцовага жыхара быў канфіскаваны самагонны апарат і каля 23 т брагі. Паводле інфармацыі ведамства, мужчына “сістэматычна зарабляў продажам спіртнога і раней ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў”.

У 2025 годзе міліцыя сама меней чатыры разы спыняла дзейнасць буйных нелегальных вытворчасцяў алкаголю ў Маладзечанскім раёне.

13 лютага паведамлялася, што ў выніку рэйдаў у вёсках Схоліна і Забалацце ў мясцовых жыхароў канфіскавалі тры самагонныя апараты, каля 50 т брагі і сотні літраў гатовай прадукцыі.

24 жніўня ў зводцы фігураваў 61-гадовы жыхар Маладзечанскага раёна (без канкрэтызацыі населенага пункта), які “разам з трыма сынамі і двума беспрацоўнымі” арганізаваў падпольную вытворчасць спіртнога. У яго быў знойдзены самагонны апарат, ёмістасці з брагай аб’ёмам звыш 25 тыс. л, 12,5 т мукі, 400 л гатовай прадукцыі.

4 верасня міністэрства заявіла пра выяўленне “міні-прадпрыемстваў па вытворчасці моцных напояў” у вёсках Насілава і Забалацце. Былі канфіскаваныя тры самагонныя апараты, каля 30 т брагі і амаль 1,5 тыс. л гатовага прадукту. Вытворчасцю самагону займаліся трое мясцовых жыхароў, якія “афіцыйна не працаўладкаваны”.

8 кастрычніка была спыненая дзейнасць “міні-прадпрыемства па вытворчасці моцных спіртных напояў” усё ў той жа вёсцы Забалацце. Паводле даных МУС, вытворчасцю самагону займаўся 24-гадовы мясцовы жыхар, з гаспадарчых пабудоў якога канфіскавана каля 9,4 тыс. л брагі і больш за 1 тыс. л гатовага прадукта.

Падзяліцца: