Мінск 18:22

У Варшаве праходзіць цырымонія развітання са Святланай Курс

Фота: “Позірк”

26 ліпеня, Позірк. Цырымонія развітання з пісьменнікам Святланай Курс праходзіць 26 ліпеня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве (вул. Фоксаль, 11).

На цырымоніі прысутнічаюць дзясяткі людзей, у тым ліку дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паніхіда працягнецца да 18:30 (19:30 па беларускім часе).

Раней у касцёле св. Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў прайшла імша ў памяць пісьменніка. 

54-гадовая Курс памерла 20 ліпеня ад анкалагічнага захворвання.

Раней паведамлялася, што збор 6 тыс. еўра на пахаванне Курс, абвешчаны на сайце фонду салідарнасці BySol 22 ліпеня, дасягнуў мэты менш чым за суткі.

Згодна з актуальнай інфармацыяй, ужо ахвяравана больш за 7,2 тыс. еўра.

Святлана Курс пражывала ў Варшаве. Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца 2021 года за аповесць “Па што ідзеш, воўча?”

Падзяліцца: