Мінск 22:59

Ціханоўская заклікала краіны ЕЭСК дапамагчы ў распрацоўцы рэформаў для дэмакратычнай Беларусі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 17 чэрвеня ў 20:19.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 чэрвеня, Позірк. Беларускія дэмакратычныя сілы разлічваюць на дапамогу Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (ЕЭСК) і яго дзяржаў пры правядзенні эканамічных рэформаў у Беларусі пасля таго, як адкрыецца “акно магчымасцяў” пасля падзення дыктатуры ў краіне.

Пра гэта заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 17 чэрвеня на пленарнай сесіі ЕЭСК — кансультатыўнага органа Еўрасаюза.

Палітык прыняла ўдзел у дыскусіі “Умацаванне ўстойлівасці ва ўсходніх памежных рэгіёнах Еўропы”.

“Нам спатрэбіцца хутка правесці рэформы, інтэграваць Беларусь у еўрапейскую прастору і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць. Усё гэта неабходна для таго, каб дыктатура не вярнулася і каб Расія не мела інструментаў для шантажу нас ні энэргарэсурсамі, ні межамі, ні гандлем”, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, нядаўняя навіна аб тым, што Малдова і Украіна пачалі перамоўны працэс па ўступленні ЕС, стала для беларусаў “вялікім натхненнем”.

“Мы глядзім на вас (Малдову і Украіну) з надзеяй. Ваш поспех адкрые шлях і для Беларусі”, — падкрэсліла дэмлідар, адзначыўшы, што разглядае ЕЭСК як ключавога саюзніка на гэтым шляху.

У гэтым кантэксце яна заклікала згаданы камітэт “напоўніць канкрэтным зместам” падпісаны раней з беларускімі дэмсіламі мемарандум, стварыць Кантактную групу і распрацаваць канкрэтны план дзеянняў па Беларусі.

“Запрашайце беларусаў на вашы мерапрыемствы — у якасці спікераў, экспертаў, гасцей і назіральнікаў. Нам таксама ёсць чым падзяліцца і што прапанаваць”, — сказала яна.

“Дапамажыце нам распрацаваць рэформы для новай Беларусі. Многія з вашых краін — Іспанія, Партугалія, Грэцыя, краіны Балтыі, Чэхія і Славакія — прайшлі праз складаныя дэмакратычныя пераўтварэнні. Мы хочам вучыцца на вашым досведзе”, — заклікала Ціханоўская.

Яна таксама звярнулася з просьбай да членаў ЕЭСК дапамагчы прасоўваць беларускую культуру, мову і ідэнтычнасць праз выставы, дні культуры, адукацыйныя праграмы і абмены, заўважыўшы, што нацыянальная ідэнтычнасць таксама з’яўляецца зброяй — супраць “рускага свету”.

Палітык заклікала ўдзельнікаў дыскусіі “разам працаваць над кампаніямі ў падтрымку палітычных зняволеных, незалежных журналістаў, працоўных правоў, правоў чалавека і процідзеяння дэзінфармацыі”, а таксама “дамагчыся, каб Беларусь была часткай больш шырокіх еўрапейскіх дыскусій пра бяспеку, дэмакратыю, суверэнітэт і будучыню Еўропы”.

“Сёння ў нас ёсць офісы ў Варшаве і Вільнюсе, дыпламатычныя місіі ў Бруселі, Таліне, Празе, Кіеве, Мадрыдзе і Фларэнцыі, а таксама актыўныя беларускія супольнасці ў кожнай з вашых краін. Лічыце іх сваімі сябрамі, саюзнікамі і партнёрамі”, — сказала Ціханоўская.

ЕЭСК з’яўляецца кансультатыўным органам Еўрапейскага саюза, створаным у 1957 годзе паводле Рымскага дагавора. Ён аб’ядноўвае прадстаўнікоў працадаўцаў, прафсаюзаў, фермераў, спажывецкіх арганізацый, экалагічных рухаў і іншых структур грамадзянскай супольнасці з усіх краін ЕС. Камітэт не прымае законы і не валодае выканаўчай уладай, аднак дае заключэнні па праектах еўрапейскіх нарматыўных актаў і служыць пляцоўкай для дыялогу паміж інстытутамі ЕС і арганізаванай грамадзянскай супольнасцю.

У ЕЭСК уваходзяць больш за 300 членаў, якія прызначаюцца урадамі дзяржаў ЕС і зацвярджаюцца Саветам ЕС. Камітэт рэгулярна ўзаемадзейнічае з арганізацыямі з краін-кандыдатаў і дзяржаў Усходняга партнёрства, а таксама з беларускімі дэмакратычнымі структурамі ў выгнанні.

Падзяліцца: