Мінск 15:35

Чэхія анансавала спрашчэнне выдачы віз сваякам беларусаў, якія пражываюць у краіне — прэс-служба Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 чэрвеня, Позірк. Аб сумесным наведванні дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай і міністрам замежных спраў Чэхіі Пятром Мацынкай Місіі дэмакратычных сіл у Празе паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Адзначаецца, што правядзенне сустрэчы ў місіі стала “асаблівым жэстам падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і беларускага народа” з боку Чэхіі.

Ціханоўская падзякавала міністру і Чэхію за паслядоўную падтрымку беларусаў, дэмсіл і цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мацынка ў сваю чаргу “пацвердзіў, што па выніках папярэдняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай прынята рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму і выдачы віз сваякам беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі”, гаворыцца ў паведамленні.

Адпаведнае афіцыйнае рашэнне будзе апублікаванае “ў бліжэйшы час”.

Паводле інфармацыі прэс-службы дэмлідара, суразмоўцы абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне, працэс вызвалення ў Беларусі палітычных зняволеных, падтрымку рэпрэсаваных беларусаў, магчымасць далучэння Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду і прызначэння Прагай асобнага спецпасланніка па супрацоўніцтве з дэмсіламі.

Ціханоўская на сустрэчы падкрэсліла “важнасць міжнародных намаганняў па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваенных злачынствах”.

“Я ўдзячная міністру за давер, падтрымку нашага офіса ў Празе і беларускага пытання на міжнароднай арэне. Міністр запэўніў мяне, што падтрымка Беларусі застаецца нязменнай, і беларусы могуць разлічваць на падтрымку чэшскага ўрада. Я асабліва ўдзячная за тое, што нам удалося вырашыць праблему з візамі для сваякоў беларусаў у Чэхіі. Гэта дапаможа многім нашым людзям, якія сёння сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі”, — заявіла па выніках сустрэчы Ціханоўская.

Як адзначаў “Позірк”, Ціханоўская сустракалася з кіраўніком МЗС Чэхіі ў лютым гэтага года ў Мюнхене, дзе праходзіла Міжнародная канферэнцыя па бяспецы. Тады яна запрасіла суразмоўцу наведаць Місію беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі, а той запрасіў яе ў Прагу. Такім чынам, абодва запрашэнні рэалізаваныя 10 чэрвеня.

Візіт Ціханоўскай у Чэхію працягнецца па 11 чэрвеня.

Падзяліцца: