Мінск 20:14

Пракуратура выявіла шэраг парушэнняў на дзіцячых пляцоўках у Клімавічах

27 траўня, Позірк. Шэраг парушэнняў на дзіцячых пляцоўках у Клімавічах выявіла пракуратура Клімавіцкага раёна (Магілёўская вобласць) і запатрабавала прывесці іх у бяспечны стан, паведамляе нагляднае ведамства.

У Клімавічах, горадзе з насельніцтвам 16 тыс. чалавек, на некаторых горках адсутнічалі канчатковыя ўчасткі слізгацення, іх паверхня, як адзначае Генпракуратура, мела круты спуск і ўпіралася ў зямлю.

Выяўленыя непрыдатныя для выкарыстання арэлі-балансіры, у якіх “часткова адсутнічалі дошкі для сядзення і гумовыя элементы”. Аналагічныя пашкоджанні мелі баскетбольныя шчыты, якія знаходзіліся “без кольцаў і сетак”.

Адзначаецца, што на дзіцячых пляцоўках гульнявое абсталяванне (“як металічнае, так і драўлянае”) мела патрэбу ў афарбоўцы.

Акрамя таго, не адпавядаў нормам санітарны стан асобных пляцовак — тэрыторыі зараслі пустазеллем, пры гэтым меры па яго выдаленні не прымаліся, у пясочніцах адсутнічаў пясок.

25 траўня паведамлялася, што для прывядзення ў парадак дзіцячых гульнявых пляцовак у Крычаве (Магілёўская вобласць) спатрэбілася ўмяшанне Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паводле інфармацыі ведамства, у Крычаве, горадзе з насельніцтвам 23 тыс. чалавек, на вул. Паўднёвай замененая разбураная агароджа дзіцячай пляцоўкі, пафарбаваныя лаўкі, скошаная трава, убранае аварыйнае абсталяванне і бытавое смецце, з прылеглай тэрыторыі вывезеныя небяспечныя будаўнічыя адкіды.

Аналагічныя работы па ліквідацыі заўвагаў кантралёраў праведзеныя яшчэ на трох дзіцячых пляцоўках раённага цэнтра.

19 траўня паведамлялася, што пракуратура Барысаўскага раёна (Менская вобласць) выявіла “парушэнні заканадаўства аб бяспецы жыццядзейнасці непаўналетніх” на дзіцячых пляцоўках Барысава.

Тады прэс-служба ведамства адзначыла, што “выяўленая адсутнасць ключавых элементаў абсталявання: сядзенняў на арэлях, пяску ў пясочніцах, асобных частак гульнявых комплексаў”: “Некаторыя канструкцыі былі пашкоджаныя, напрыклад, часткова або цалкам страчаныя элементы лаваў, уключаючы апоры для спіны”.

Пракуратура знайшла траўманебяспечныя элементы: металічныя канструкцыі, якія выпіраюць з зямлі, бетонныя падставы з вострымі бакамі, якія могуць нанесці шкоду здароўю дзяцей, “прыкметы зносу і карозіі абсталявання”.

Пра выяўленне фактаў “знаходжання гульнявога абсталявання на дзіцячых пляцоўках у неналежным стане” паведамляла летась у чэрвені пракуратура Мінска.

Падзяліцца: