Мінск 14:40

У краі Латвіі, які мяжуе з Беларуссю, выбухнуў дрон

Возера Дрыджа
Ілюстрацыйнае фота на сайце visitkraslava.com

23 траўня, Позірк. Беспілотнік упаў у возера Дрыджа ў Камбульскай воласці Краслаўскага краю Латвіі (мяжуе з Браслаўскім раёнам Віцебскай вобласці), вынікае з паведамлення латвійскай паліцыі.

Інфармацыя пра падзенне дрона паступіла ранкам 23 траўня ад мясцовых жыхароў. Ведамства заявіла, што “пры кантакце з вадой ён дэтанаваў”. Пацярпелых няма.

“Дзяржаўная паліцыя неадкладна выехала на названае месца і пачала яго абследаванне, — гаворыцца ў паведамленні. — На месцы здарэння выяўленыя абломкі меркавана беспілотнага лятучага апарата. Тэрыторыя для абследавання шырокая, таму да агляду месца здарэння прыцягнутыя дадатковыя сілы, у тым ліку дадатковы нарад Дзяржаўнай паліцыі з дронам, супрацоўнікі Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы з чоўнам, а таксама Нацыянальныя ўзброеныя сілы”.

Паліцыя заклікала жыхароў “не набліжацца да месца здарэння, сачыць за афіцыйнай інфармацыяй службаў, а таксама неадкладна паведамляць паліцыі пра магчымыя выяўленыя абломкі дрона”.

Паводле інфармацыі латвійскіх СМІ, якія спасылаюцца на Нацыянальныя ўзброеныя сілы, сістэмы выяўлення не заўважылі ўварвання беспілотніка ў паветраную прастору краіны. З якога боку ляцеў дрон, не ўдакладняецца.

У Літве 20 і 21 траўня абвяшчалася паветраная трывога праз выяўленне сігнатуры беспілотнікаў з боку Беларусі.

Падзяліцца: