Мінск 12:40

Пасля інфармацыі аб раненні беларуса ў Польшчы МЗС Беларусі рэкамендаваў “улічваць такія рызыкі пры арганізацыі паездак“

Архіўнае фота: tochka.by

20 траўня, Позірк. Інцыдэнт з грамадзянінам Беларусі, які атрымаў агнястрэльнае раненне ў Польшчы 12 траўня, “прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў рэальным узроўні бяспекі, які дэкларуецца польскім бокам“. З такой заявай выступіў 20 траўня беларускі МЗС.

У знешнепалітычным ведамстве сцвярджаюць, што “польскія праваахоўнікі памылкова прынялі групу беларусаў за членаў злачыннай групоўкі, што і прывяло да ўжывання зброі”.

У сувязі з інцыдэнтам МЗС “рэкамендуе грамадзянам Беларусі ўлічваць такія рызыкі пры планаванні замежных паездак“: “Як паказвае практыка, нельга выключаць, што законапаслухмяны грамадзянін можа быць памылкова прыняты за правапарушальніка і падвергнуты несуразмернаму сілавому ўздзеянню“.

Разам з тым у ведамстве адзначылі, што вітаюць “пачатак следчых дзеянняў з боку пракуратуры Польшчы і кваліфікацыю таго, што адбылося, як перавышэнне службовых паўнамоцтваў“ і разлічваюць “на аб’ектыўнае расследаванне, устанаўленне вінаватых і іх прыцягненне да адказнасці“.

Аб экстранай шпіталізацыі з агнястрэльнымі раненнямі 60-гадовага жыхара Гродзенскай вобласці паведаміў 18 траўня намеснік начальніка УУС аблвыканкама Максім Руды.

Паводле яго слоў, інфармацыю пра гэта міліцыя атрымала з установы аховы здароўя.

Паводле папярэдніх звестак, цялесныя пашкоджанні “ў вобласці галавы і ніжняй канечнасці мужчына атрымаў, знаходзячыся ў Рэспубліцы Польшча”, — сказаў Руды.

“Зараз пацярпелы ў цяжкім стане, яму надаецца ўся неабходная медыцынская дапамога. Праводзіцца праверка, высвятляюцца абставіны здарэння”, — адзначыў ён.

Іншыя падрабязнасці здарэння не прыводзіліся.

Польскі бок сітуацыю пакуль не каментуе.

Падзяліцца: