Мінск 17:48

Дзяржканал АНТ заявіў пра раскрыццё ў Беларусі “агентурнай сеткі літоўскіх спецслужбаў”

Ілюстрацыя: АНТ

12 траўня, Позірк. Пра раскрыццё ў Беларусі “агентурнай сеткі літоўскіх спецслужбаў” гаворыцца ў чарговым фільме дзяржаўнага тэлеканала АНТ, знятага сумесна з Камітэтам дзяржбяспекі. Фільм выйшаў 12 траўня.

У цэнтры апавядання — дзеянні на тэрыторыі Беларусі літоўскага грамадзяніна Міраславаса Троцкіса, які быў нібыта завербаваны ў Літве спецслужбамі і дзейнічаў у іх інтарэсах пад агентурным псеўданімам “Рынга”.

Для згаданай сеткі Троцкіс, як заяўляецца, “хаваў у схованках грошы”, таксама ён забяспечваў агентаў “сродкамі разведвальнай дзейнасці”. Удзельнікі сеткі “затрыманыя беларускай контрвыведкай”. Іх колькасць не называецца.

Паводле слоў намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Аляксандра Тарасевіча, супрацоўніцтва з замежнай спецслужбай “супярэчыць нацыянальным інтарэсам і прычыняе шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

“Камітэт дзяржаўнай бяспекі настойліва рэкамендуе адмовіцца ад супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі і паведаміць аб супрацьпраўнасці сваіх дзеянняў — гэта дазволіць пазбегнуць крымінальнай адказнасці”, — сказаў Тарасевіч.

Пра тое, што літоўскі грамадзянін Міраславас Троцкіс прыгавораны ў Беларусі вясной гэтага года да 15 гадоў пазбаўлення волі, паведамляў 31 сакавіка праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на дадзеныя ініцыятывы Dissidentby.

35-гадовы мужчына прызнаны вінаватым па арт. 358 (шпіянаж) і арт. 3581 (агентурная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса.

Адзначалася, што восенню 2024 года Троцкіс адправіўся ў Беларусь наведаць сваякоў, але быў затрыманы.

Паdjlkt інфармацыі LRT, ён жыў у Вільнюсе, у 2011 годзе скончыў універсітэт Мікаласа Ромерыса. З адкрытых крыніц вядома, што ён падтрымліваў цесныя сувязі з Беларуссю.

У фільме АНТ паведамляецца, што Троцкіс жанаты на грамадзянцы Беларусі, пара выхоўвае дачку.

Гл. таксама:

МЗС Літвы пацвердзіла прысуд свайму грамадзяніну ў Беларусі за шпіянаж

Падзяліцца: