Мінск 16:33

Лукашэнка падпісаў чарговую дырэктыву аб супрацоўніцтве з Кітаем

Архіўнае фота: “Позірк”

12 траўня, Позірк. Дырэктыву “Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай” падпісаў 12 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент, як заяўляецца, з’яўляецца актуалізаванай рэдакцыяй папярэдняй дырэктывы № 9 ад 3 снежня 2021 “Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай” і “развівае яе палажэнні і фіксуе наступны этап — максімальна прыкладных планаў і задач па нарошчванні беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння на пяцігодку”.

“Вектарам двухбаковага ўзаемадзеяння” вызначана “ўмацаванне супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, захаванне гістарычнай памяці і прымнажэнне каштоўнасцяў дружбы і ўзаемнай падтрымкі, удзел у рэалізацыі на карысць Беларусі глабальных ініцыятыў Кітая”.

У ліку прыярытэтаў эканамічнага супрацоўніцтва з КНР — “паглыбленне прамысловай і тэхналагічнай кааперацыі, развіццё гандлёвай, інвестыцыйнай і інавацыйнай сфер”.

Адзначаецца таксама, што “каля трох дзясяткаў палажэнняў дырэктывы” прадугледжваюць рэалізацыю “канкрэтных мерапрыемстваў” у галінах сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і лагістыкі, аховы здароўя, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, дрэваапрацоўкі, нафтахімічнай і лёгкай прамысловасці, турызму, адукацыі, навукі і культуры, развіцця праекта індустрыяльнага парку “Вялікі камень” і актывізацыі міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

27 студзеня Лукашэнка на нарадзе ў пытаннях супрацоўніцтва з КНР заявіў, што дырэктыва аб развіцці адносін з Кітаем на 2021–2025 гады не выкананая.

Палітык падкрэсліў, што варта нарасціць долю Кітая ў сукупным экспарце Беларусі — “у ідэале да двухзначных чысел“ — і гэтыя задачы адлюстраваць у “дырэктыве на чарговую пяцігодку“.

3 снежня 2021 года Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 9 “Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай“ да 2025 года. Аналагічны дакумент дзейнічаў у 2015–2021 гадах.

Дырэктыва вызначала прыярытэтнымі задачамі ўмацаванне супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, захаванне і прымнажэнне каштоўнасцяў дружбы і ўзаемнай падтрымкі, нарошчванне гандлёва-эканамічнага, фінансавага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, рэалізацыю ініцыятывы “Пояс і шлях“.

Кітай з’яўляецца буйным інвестарам у Беларусі, аднак праекты рэалізуюцца з прывязанымі крэдытамі, пры якіх вялікая доля сродкаў вяртаецца назад у Кітай праз закупкі кітайскай тэхнікі і паслуг.

У 2025 годзе знешнегандлёвы абарот рэзідэнтаў індустрыяльнага парка “Вялікі камень“ склаў 964,9 млн долараў — на 36,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (707,5 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падзяліцца: