Мінск 11:00

V канферэнцыя “Новая Беларусь” зноў пройдзе ў Варшаве

Архіўнае фота: spiegel.de

8 траўня, Позірк. Правядзенне ў Варшаве V канферэнцыі “Новая Беларусь” анансавала ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Канферэнцыя пройдзе 8–9 жніўня 2026 года.

“Заплануйце ўдзел ужо цяпер — гэта важная магчымасць быць разам, абмеркаваць будучыню Беларусі і паўплываць на змены ў краіне”, — паведаміла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, магчымасць для анлайн-рэгістрацыі для ўдзелу ў канферэнцыі “хутка з’явіцца”.

IV канферэнцыя “Новая Беларусь” прайшла 9–10 жніўня 2025-га таксама ў Варшаве. Пасля першага дня працы мерапрыемства адбылася вулічная акцыя “Марш Свабоды” да гадавіны выбараў-2020.

На першай канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая адбылася ў 2022 годзе ў Вільнюсе, Ціханоўская абвясціла пра стварэнне АПК, прызначыла яго прадстаўнікоў.

На другім форуме ў 2023 годзе ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.

Падчас трэцяй канферэнцыі ў 2024 годзе ў Вільнюсе сярод іншага была падпісаная “Платформа 2025” — сумесная стратэгія дзеянняў дэмсіл на гэты год.

Падзяліцца: