Мінск 11:11

Прэс-служба Лукашэнкі абмежавалася адной фразай у паведамленні пра віншаванне Трампа з 80-годдзем

Архіўныя відэазапісы: Waay 31 News, СТБ / стоп-кадры, калаж: "Позірк"

14 чэрвеня, Позірк. “Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу спаўняецца 80 гадоў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў амерыканскага калегу з юбілеем“, — паведамленне такога зместу выпусціла раніцай 14 чэрвеня прэс-служба Лукашэнкі.

Пра што гаворыцца ў пасланні, не ўдакладняецца. Прэс-рэліз размешчаныя толькі на рускамоўнай версіі сайта Лукашэнкі, на беларускамоўнай і англамоўнай нічога няма.

Трамп, у адрозненне ад лідараў іншых дэмакратычных краін Захаду, прыязна ставіцца да Лукашэнкі. 15 жніўня 2025 года амерыканскі прэзідэнт патэлефанаваў Лукашэнку перад сваёй сустрэчай у Анкорыджы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

9 лістапада таго ж года Трамп прызначыў Джона Коўла сваім спецпрадстаўніком па Беларусі.

Вашынгтон і Мінск больш за год вядуць кулуарныя і публічныя перамовы аб вызваленні палітвязняў у абмен на зняцце амерыканскіх і іншых заходніх санкцый. Дамоўленасці часткова рэалізаваныя, аднак апошнім часам працэс спыніўся. Гэта можа быць звязана з нежаданнем еўрапейцаў паддавацца ціску ЗША і здымаць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

Трамп неаднаразова кампліментарна адгукаўся пра Лукашэнку, называючы яго прэзідэнтам, пры гэтым афіцыйная пазіцыя ЗША адносна беларускага рэжыму не змянялася. У сваю чаргу Лукашэнка аб амерыканскім кіраўніку адзываецца па-рознаму. Напрыклад, у красавіку 2026 года ён заявіў, што Трамп “вельмі шмат зрабіў дрэннага“. У 2025-м Лукашэнка двойчы называў сябе трампістам.

Падзяліцца: