Мінск 20:05

Напярэдадні візіту Ціханоўскай у Арменіі на запыт Мінска быў затрыманы і затым вызвалены беларускі палітуцякач, які прыбыў з Грузіі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 4 траўня 2026 года ў 18:38

Сталіца Арменіі Ерэван
Фота: Levon Vardanyan / unsplash.com

4 траўня, Позірк. Напярэдадні візіту Святланы Ціханоўскай, у другой палове дня 3 траўня, на мяжы Арменіі на запыт Мінска быў затрыманы беларускі палітуцякач, які прыбыў з Грузіі наземным шляхам (Позірк не раскрывае яго імя з меркаванняў бяспекі).

Да вырашэння праблемы падключыліся армянскія праваабаронцы і Офіс Святланы Ціханоўскай. Як паведаміў Позірку дарадца дэмакратычнага лідара ў прававых пытаннях Леанід Марозаў, ён звязаўся са Службай нацыянальнай бяспекі Арменіі, якая перанакіравала яго для атрымання інфармацыі ў сваё структурнае падраздзяленне — Памежныя войскі.

Беларускі грамадзянін быў вызвалены прыкладна праз 12 гадзін пасля затрымання. Некаторы час ён будзе знаходзіцца ў Арменіі, пакуль мясцовыя структуры ўлады выдадуць яму неабходныя дазволы на выезд.

Палітуцякач паведаміў “Позірку“, што ў Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа. Прадстаўнікі сілавых структур прыходзілі да маці, каб высветліць яго месцазнаходжанне, сцвярджаючы, што сын здзейсніў крадзеж.

У Беларусі і Арменіі адзіная база міждзяржаўная база вышуку ў межах СНД, таму апаненты беларускіх уладаў, якія ўязджаюць на армянскую тэрыторыю (напрыклад, з Грузіі, каб зрабіць “візаран” — абнуліць тэрмін знаходжання, які не можа перавышаць аднаго года), знаходзяцца ў зоне рызыкі.

“Асабіста я магу ўзгадаць пра 5-7 выпадкаў затрымання ў Арменіі актывістаў, якія знаходзяцца ў агульнай базе вышуку. Напрыклад, Дыяны Маісеенкі ў верасні 2024 года”, — адзначыў Марозаў.

Пасля затрымання Майсеенкі Офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў ад Ерэвана запэўніванні, што Арменія “не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі грамадзян Беларусі, якія пераследуюцца з палітычных прычын”.

Праз месяц тагачасны генпракурор Беларусі Андрэй Швед, актыўны ўдзельнік пераследу іншадумцаў, на сустрэчы з армянскім калегам падняў пытанне выдачы ў Беларусь суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах. Пазіцыя Ерэвана пасля гэтай сустрэчы не змянілася.

У лютым 2026 года спікер армянскага парламента Ален Сіманян заявіў, што ні адзін чалавек з палітычных меркаванняў не будзе ні затрыманы, ні высланы ў якую-небудзь краіну.

Арменія пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам.

Гл. таксама:

Швед паскардзіўся на “палітызаванасць” Інтэрпола і адмову дэмакратычных краін экстрадзіраваць беларусаў

Падзяліцца: