Мінск 15:27

Лукашэнка назваў Сербію, якая далучылася да санкцый ЕС супраць Мінска, “блізкай Беларусі краінай”

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

4 траўня, Позірк. Сербія — “вельмі добрая, цёплая, блізкая Беларусі краіна”, да якой беларускія ўлады “заўсёды з найвялікшай павагай” ставіліся і будуць ставіцца, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сербскім амбасадарам Ілінай Вукайлавіч 4 траўня ў Мінску.

“І нам не абыякава, якія працэсы адбываюцца ў Сербіі, як складваецца абстаноўка, сітуацыя, — цытуе спікера яго прэс-служба. — У каго, як не ў вас, можна атрымаць такую ​​інфармацыю. Адкрытую, дружалюбную інфармацыю”.

“Сказаць, што мы не валодаем сітуацыяй па абстаноўцы ў Сербіі, было б няправільна. Мы назіраем, валодаем абстаноўкай, наколькі гэта магчыма на адлегласці, амбасада інфармуе нас. Тым не менш вы ведаеце больш і можаце акцэнтаваць нашу ўвагу на нейкіх праблемах, якія, магчыма, з Мінска не бачныя”, — дадаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Сербія “заўсёды была такім раздражняльнікам для заходніх дзяржаў”. “Таму я даўным-даўно яшчэ сказаў пра тое, што мы з павагай будзем прымаць вашу палітыку адносна заходніх дзяржаў, адносна Беларусі, Расіі і гэтак далей. Што і робім у апошнія гады”, — сказаў ён.

У Беларусі “высока цэняць асабісты ўнёсак Аляксандра Вучыча ў пашырэнне двухбаковай супрацы”, заявіў Лукашэнка, віншуючы 5 сакавіка прэзідэнта Сербіі з днём нараджэння.

У той самы час Сербія фігуруе ў эканамічным спісе недружалюбных Беларусі дзяржаў. Як кандыдат на ўступленне ў Еўрасаюз Бялград далучыўся да эканамічных санкцый супраць беларускіх уладаў. Сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч дэкларуе палітычную лаяльнасць да Мінска, але ў той жа час не адмаўляецца ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Пры садзейнічанні Вучыча быў вызвалены рэжысёр Андрэй Гнёт, арыштаваны ў Бялградзе на запыт беларускіх уладаў.

Гл. таксама:

“Хочуць віляць хвастом”. Лукашэнка раздражнёны палітыкай Сербіі (на рускай мове)

Падзяліцца: