Мінск 16:47

Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Казахстана ў Беларусь

Ілюстрацыя: прэс-служба прэзідэнта Казахстана

29 красавіка, Позірк. Здзейсніць афіцыйны візіт у Беларусь, каб “комплексна абмеркаваць усе актуальныя пытанні ў двухбаковым парадку дня, вызначыць перспектыўныя праекты і планы на будучыню”, прапанаваў Аляксандр Лукашэнка прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву падчас тэлефоннай размовы 29 красавіка.

Суразмоўцы, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, абмеркавалі развіццё беларуска-казахстанскіх стасункаў, “адзначыўшы высокую дынаміку кантактаў на розных узроўнях”, і графік будучых мерапрыемстваў і візітаў.

Адзначаецца, што напрыканцы траўня ў Астане пройдуць Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет і Еўразійскі эканамічны форум. Лукашэнка і Токаеў “разгледзелі пералік пытанняў, якія будуць фармаваць парадак дня гэтых міжнародных форумаў”.

Прэс-служба Такаева паведаміла, што бакі “з задавальненнем адзначылі паступальнае развіццё казахска-беларускіх стасункаў, якія дэманструюць станоўчую дынаміку па ўсіх кірунках супрацы”.

Суразмоўцы абмеркавалі “далейшыя крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарнай сферах”, “абмяняліся думкамі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня”, а таксама “разгледзелі графік будучых сумесных мерапрыемстваў”.

14–15 красавіка Казахстан наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Яго візіт сярод іншага тычыўся адкрыцця генеральнага консульства Беларусі ў Алматы.

5 лютага паведамлялася, што тавараабарот Беларусі і Казахстана перавысіў 1 млрд долараў.

Згодна з інфармацыяй МЗС, паводле аб’ёму беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Мінска і з’яўляецца другім сярод краін СНД.

Як заяўляў летась у лістападзе амбасадар у Казахстане Аляксей Багданаў, улады Беларусі імкнуцца да таго, каб “у найбліжэйшыя два гады дасягнуць узроўню ў 1,5 млрд долараў”. “А ў перспектыве недзе да 2030 года, магчыма, выйдзем і на 2 млрд долараў”, — казаў дыпламат.

Дыпламатычныя стасункі Беларусі з Казахстанам усталяваныя 16 верасня 1992 года. У дзвюх краінах працуюць амбасады.

Падзяліцца: