Сейм Літвы падоўжыў да канца 2027 года санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і РФ

23 красавіка, Позірк. Сейм Літвы 23 красавіка падоўжыў да 31 снежня 2027 года нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе прэс-служба парламента балтыйскай краіны.
За падаўжэнне абмежаванняў прагаласавалі 95 дэпутатаў (супраць — адзін, устрымалася шасцёра).
“У сувязі з беспрэцэдэнтнай ваеннай агрэсіяй Расіі і яе саюзніцы Беларусі супраць Украіны прычыны прыняцця закона нікуды не зніклі”, — гаворыцца ў паведамленні.
У сувязі з гэтым прынятыя папраўкі ў закон аб нацыянальных санкцыях прадугледжваюць “дадатковае ўвядзенне забароны на ўвоз паліва з Расіі і Беларусі ў Літву ў стандартных паліўных баках транспартных сродкаў умяшчальнасцю больш за 200 літраў“. На думку заканадаўцаў, гэта “дазволіць прадухіліць патэнцыйныя парушэнні санкцый ЕС і ўскосную падтрымку расійскага і беларускага рэжымаў шляхам перапампоўкі і продажу паліва ў Літве з стандартных паліўных бакаў грузавых аўтамабіляў, якія зарэгістраваныя ў трэціх краінах і прыбываюць з Расіі і Беларусі”.
“Пасля ўвядзення гэтай забароны, калі ў паліўным баку транспартнага сродку апынецца большая колькасць паліва, можна будзе ўжываць адказнасць, прадугледжаную Крымінальным кодэксам, Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях або законам аб міжнародных санкцыях за парушэнні міжнародных санкцый“, — падкрэсліваецца ў рэлізе.
12 сакавіка паведамлялася, што законапраект аб падаўжэнні да канца 2027 года санкцый у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі прайшоў стадыю прадстаўлення ў Сейме Літвы і быў прыняты да разгляду.
Тэрмін дзеяння цяперашніх нацыянальных санкцый заканчваецца 2 траўня 2026 года.
Праект закона прадставіла парламенту Міністэрства замежных спраў Літвы. У тлумачальнай запісцы знешнепалітычнага ведамства адзначалася, што “паводле ўказання або з ведама расійскіх і беларускіх уладаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы для гібрыдных нападаў і розных правакацый супраць” Літвы. Падкрэслівалася, што вайна РФ супраць Украіны “працягвае аказваць істотны негатыўны ўплыў на бяспеку не толькі дзяржаў ЕС і краін НАТО, але і ўсёй Еўропы“.
Прэс-служба Сейма тады нагадала, што дзейным законам аб абмежавальных мерах прыпынены прыём заяў ад грамадзян РФ і Беларусі на атрыманне шэнгенскай візы — за выключэннем выпадкаў, калі хадайніцтва пра візу падаецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы. Акрамя таго, прыпынены прыём заяў грамадзян РФ на атрыманне дазволу на часовае пражыванне ў Літве (выключэнне — тыя, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальная віза альбо дазвол на жыхарства ў Літве ці ў іншай краіне ЕС).
Для расіян, якія ўязджаюць на літоўскую тэрыторыю праз знешнюю мяжу ЕС, прымяняецца “індывідуальная дадатковая паглыбленая праверка, якая ацэньвае пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы, грамадскага парадку, унутранай бяспекі, грамадскага здароўя або міжнародных стасункаў”. Грамадзянам РФ, якія не маюць дазволу на пражыванне ў Літве, забаронена набываць нерухомасць у краіне.
У выпадках, калі грамадзяне Беларусі ўязджаюць у Літву праз знешнюю мяжу ЕС, “дадаткова ацэньваецца рызыка пагрозы грамадскаму парадку, унутранай бяспецы, грамадскаму здароўю або міжнародным ствасункам любой з краін Шэнгенскай зоны”. Пры неабходнасці праводзіцца другасная праверка, прадугледжаная Шэнгенскім кодэксам аб межах.
Раней Сейм забараніў імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, вырабленых у Беларусі і РФ.

- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗа год колькасць людзей, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, зменшылася на 8 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 18–22 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ПАСЕ заклікалі Мінск адмяніць смяротнае пакаранне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства

