Кіраўнік МЗС Літвы на сустрэчы з калегамі з ЕС закліча да “захадаў у адказ” супраць Мінска за “экстрэмісцкі” статус ЕГУ

21 красавіка, Позірк. Заклікаць да “захадаў у адказ” супраць Мінска за прызнанне Еўрапейскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Вільнюсе (ЕГУ) “экстрэмісцкай арганізацыяй” мае намер кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы Кястуціс Будрыс на пасяджэнні Савета ЕС па замежных справах 21 красавіка ў Люксембургу.
Прэс-служба літоўскага МЗС заявіла, што чыноўнік “будзе дамагацца прыцягнення ўвагі на еўрапейскім узроўні да наступстваў гэтага рашэння”.
Партал навін Delfi са спасылкай на ведамства таксама паведаміў, што Будрыс “закліча да салідарнасці з супольнасцю ЕГУ праз скаардынаваныя дзеянні на ўзроўні ЕС і на міжнародным узроўні ў дачыненні да службовых асоб мінскага рэжыму, якія здзейснілі гэты выпад, у тым ліку шляхам увядзення супраць іх санкцый”. Акрамя таго, ён “закліча аказаць дадатковую фінансавую і палітычную падтрымку ЕГУ, узмацніць абарону ахвяр ад міжнародных рэпрэсій”.
ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі анулявала яго ліцэнзію на аказанне адукацыйных паслуг, пасля чаго ўніверсітэт аднавіў дзейнасць у Літве.
14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні з яго складу “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.
На наступны дзень Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС” і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ”.
16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне “як палітычна матываванае, неабгрунтаванае, яно парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, вбвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назвала беспрэцэдэнтным.
“Літва паслядоўна падтрымлівала і надалей будзе падтрымліваць ЕГУ як важную прастору акадэмічнай свабоды, крытычнага мыслення і дэмакратычных каштоўнасцяў, свабодную ад палітычнага ўплыву”, — гаварылася ў заяве.
Міністэрства падкрэсліла, што рашэнне беларускіх уладаў стварае прамую пагрозу для ўсіх студэнтаў ЕГУ, якія прадстаўляюць не толькі Беларусь, і акадэмічнай супольнасці, “крыміналізуе міжнародную акадэмічную супрацу і чыніць значную шкоду прагрэсіўнаму грамадству Беларусі, дэмакратычнай апазіцыі і будучыні ўсёй краіны”.
“Літва не прызнае ніякай юрыдычнай сілы гэтага рашэння на сваёй тэрыторыі, патрабуе яго неадкладнага скасавання і папярэджвае, што такія дзеянні яшчэ больш ускладняць літоўска-беларускія стасункі і будуць ацэненыя на нацыянальным узроўні і ўзроўні Еўрапейскага саюза для прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных захадаў”, — падкрэсліла літоўскае знешнепалітычнае ведамства.
Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы назвала рашэнне Мінска “грубым парушэннем акадэмічнай свабоды, адмаўленнем аўтаноміі ўніверсітэтаў”, а таксама “абмежаваннем правоў і свабод чалавека”.
Дзеянні беларускіх уладаў таксама асудзілі Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, знешнепалітычныя ведамствы Украіны, Швецыі, Эстоніі.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ПалітыкаЗа апошнія двое сутак краіны Балтыі зафіксавалі больш за 220 спробаў пранікнення мігрантаў з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатвія зафіксавала рэкордную за апошні год сутачную колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

