Мінск 22:47

КДБ дадаў у спіс “тэрарыстаў“ трох беларусаў

17 красавіка, Позірк. Ягор Кракасевіч, Аляксандр Петрашкевіч і лекар Руслан Бадамшын унесеныя Камітэтам дзяржбяспекі 15 красавіка ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да “тэрарыстычнай дзейнасці“, вынікае з абноўленай інфармацыі ў тэлеграм-канале спецслужбы.

Адзначаецца, што ўсе яны асуджаныя па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Кракасевіч 3 красавіка быў дададзены МУС у спіс асоб, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці“. Адзначалася, што ён асуджаны таксама па артыкуле 368 КК (абраза прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў).

Пра тое, што лекар-неўролаг Руслан Бадамшын прыгавораны да пазбаўлення волі, у студзені паведамляла ініцыятыва “Белыя халаты”.

Сцвярджалася, што тэрмін зняволення склаў 2,6 года. Магчыма, мелася на ўвазе 2 гады і 6 месяцаў.

Паводле звестак ініцыятывы, Бадамшыну прызначанае пакаранне ва ўмовах агульнага рэжыму.

Новая крымінальная справа супраць Бадамшына была распачатая ў чэрвені 2025 года. Тады ж ён быў затрыманы.

Адзначалася, што яму было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

7 траўня 2024 года суд Фрунзенскага раёна Менска прыгаварыў Бадамшына да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Па гэтым жа артыкуле за ўдзел у акцыях пратэсту была асуджаная жонка лекара Таццяна Бадамшына.

Са жніўня 2020 года неўролаг правёў пад арыштам 63 дні, затрымліваўся па адміністрацыйных абвінавачваннях пяць разоў. У 2021 годзе быў звольнены з РНПЦ нейрахірургіі праз спазненне на працу ў дзень вызвалення з ізалятара. Пасля гэтага працаваў у прыватным медцэнтры.

У спісе “тэрарыстаў” цяпер 1.444 чалавекі, з іх 697 — грамадзяне Беларусі.

Падзяліцца: