Мінск 13:32

За тры месяцы ў Беларусі з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана на 40,4% менш жылля для людзей з патрэбаю, чым годам раней

Ілюстрацыйнае фота: Artem Labunsky / unsplash.com

17 красавіка, Позірк. У студзені — сакавіку 2026 года ў эксплуатацыю ўведзена 682,1 тыс. квадратных метраў жылля — на 26,6% менш, чым за першыя тры месяцы 2025-га (929,2 тыс.), сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку як асобы, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з дзяржаўнай падтрымкай уведзена ў эксплуатацыю 105,7 тыс. кв. м (177,1 тыс.; -40,4%).

Згодна з пастановай Савета Міністраў, у 2026 годзе ў Беларусі з дзяржаўнай падтрымкай мае быць пабудавана 238,3 тыс. кв. м жылля (выканана 44,4% плана).

Дакументам вызначаныя заданні па будаўніцтве жылля: на дзяржаўную замову — 407,4 тыс. кв. м; арэнднага жылля — 650 тыс. кв. м; жылля, у якім для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца электраэнергія — 315 тыс. кв. м; жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання — 22,9 тыс. кв. м.

Акрамя таго, пастанова прадугледжвае, што 5,93 тыс. шматдзетных сем’яў маюць быць забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з патрабаваннем накіроўваць такія сем’і на паляпшэнне жыллёвых умоў на працягу аднаго года з дня пастаноўкі на ўлік як асоб, што маюць патрэбу.

Чакаецца, што на будаўніцтва інфраструктуры да жылля будзе выдзелена 1 млрд 341 млн 908 тыс. рублёў.

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады. Як раней заяўляў міністр эканомікі Юрый Чабатар, па арэндным жыллі “ўся заканадаўчая база ўжо сёлета створаная”: “Людзі ведаюць, на якіх падставах, паводле якіх правілаў можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны ўказ прыняты. Указ прыняты і пра тое, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго фонду арэнднага жылля”.

Паводле даных Белстата, у 2025-м, 2024-м і 2023-м у эксплуатацыю ўведзена 4 млн 573,6 тыс., 4 млн 390,5 тыс. і 4 млн 195,7 тыс. кв. м адпаведна.

Падзяліцца: