Мінск 01:00

У Мінску 2.354 ідэолагі

Фота: "Позірк"

16 красавіка, Позірк. На 1 красавіка 2026 года ідэалагічная “вертыкаль” Мінска была прадстаўленая 2.354 работнікамі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр Лук’янаў (тут і далей цытаванне па відэафрагменце ў тэлеграм-канале Мінгарвыканкама).

Паводле яго слоў, у Акадэміі кіравання плануецца перападрыхтоўка “звыш 220 спецыялістаў ідэалагічнай сферы“.

16 красавіка на пасяджэнні Мінгарвыканкама па фарміраванні ідэалагічнай “вертыкалі“ ў сталіцы абмяркоўвалася рэалізацыя дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы“ “не толькі ў дзяржсектары, але і ў прыватных арганізацыях”, — сказаў Лук’янаў. Ён выказаў меркаванне, што менавіта рэалізацыя дырэктывы дазволіла ідэолагам “у літаральным сэнсе дайсці да ўсіх формаў уласнасці і арганізацый“.

“Бачым станоўчы водгук і зацікаўленасць суб’ектаў гаспадарання ў рабоце па гэтым дакуменце, перш за ўсё па рабоце з іх калектывамі. <…> Можам канстатаваць, што праца выбудаваная. Яна патрабуе ўдасканалення. Для нас прынцыповай задачай з’яўляецца як раз такі закрануць кожнага грамадзяніна нашай краіны”, — падкрэсліў чыноўнік.

Па выніках пасяджэння сярод іншага было вырашана праводзіць пастаянны маніторынг, у канцы года ацэньваць працу кожнага намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце.

Дырэктыву № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы” Лукашэнка падпісаў 9 красавіка 2025 года. “Прыярытэтнымі сферамі”, у якіх ідэалагічная праца павінна праводзіцца “пад асаблівым кантролем дзяржавы”, названыя адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфесійныя стасункі, а таксама сямейная, маладзёжная, інфармацыйная і гістарычная палітыка.

Адной з асноўных задач ідэалагічнай работы ў дырэктыве пазначана “дасягненне разумення і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадскага развіцця”.

Да дырэктывы прадпрыемства недзяржаўнай формы ўласнасці былі пазбаўленыя ад неабходнасці наймаць у штат ідэолагаў.

Затрыманне супрацоўнікаў буйной архітэктурнай студыі ZROBIM 9 і 10 красавіка, пра якое паведамлялі СМІ, магло быць звязанае з паведамленнямі яе заснавальніка Андрэя Макоўскага ў сацсетках аб лісце, які прыйшоў з дзяржорганаў, “з указаннем узяць у штат ідэолага”.

Аляксандр Лук’янаў быў прызначаны галоўным ідэолагам Мінска 19 верасня 2025 года. Раней узначальваў цалкам лаяльны Лукашэнку Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пасля прызначэння публічна прызнаўся ў кар’ерызме і паставіў інтарэсы народа на апошняе месца: “Спяшаюся падзяліцца з вамі радаснай навіной! У пятніцу 19 верасня прыступіў да дзяржаўнай службы! <…> Гэта вельмі адказная пасада ў структуры выканаўчай улады нашай сталіцы. Прыкладу ўсе намаганні, каб апраўдаць высокі давер, кіраўніцтва краіны, кіраўніцтва горада і жыхароў сталіцы. <…> Перакананы, што разам мы выканаем усе задачы, якія перад намі ставіць наш прэзідэнт, кіраўніцтва горада і нашы паважаныя грамадзяне!” — напісаў Лук’янаў у сваім тэлеграм-канале (арфаграфія захаваная), які сярод іншага непісьменна характарызуе як “Телеграмм канал Белоруса“.

36-гадовы чыноўнік заявіў, што “з юных гадоў імкнуўся стаць дзяржаўным служачым“. “З упэўненасцю магу сказаць, што менавіта як да дзяржаўнай службы ставіўся да працы і ў МНС, і ў выкладанні, навуцы і да кіраўніцтва ў дзейнасці нашага грамадскага аб’яднання БРСМ. А цяпер, можна сказаць, што мара спраўдзілася афіцыйна!” — прызнаўся ідэолаг.

Падзяліцца: