Мінск 15:42

У Польшчы вынята амаль 6,4 млн нелегальных цыгарэт, у тым ліку беларускіх

Фота: KAS

16 красавіка, Позірк. У двух гарадах Сілезскага ваяводства Польшчы вынятыя буйныя партыі нелегальных цыгарэт — амаль 6,4 млн штук, паведамляе Нацыянальная падатковая адміністрацыя (KAS) гэтай краіны.

Паводле інфармацыі ведамства, супрацоўнікі Сілезскага ўпраўлення KAS праверылі “транспартны сродак тыпу бус” (фургон, мікрааўтобус) у горадзе Бендзін і выявілі ў ім “некалькі дзесяткаў тысяч пачкаў цыгарэт ва ўпакоўках з лагатыпамі вядомых брэндаў без польскіх акцызных марак”. Пасля яны абшукалі складское памяшканне, ля якога быў прыпаркаваны аўтамабіль, і “знайшлі яшчэ тысячы штук нелегальных цыгарэт”.

У горадзе Катавіцэ супрацоўнікі тэрытарыяльнага ўпраўлення службы выявілі другі склад, дзе знайшлі “яшчэ некалькі сотняў тысяч пачкаў цыгарэт, а таксама дэтэктар падслухоўных прыладаў”.

Паведамляецца, што “ў выніку вобшукаў вынята амаль 6,4 млн цыгарэт без польскіх акцызных марак, а таксама з беларускімі акцызнымі маркамі”. Агульны кошт — больш за 6,5 млн злотых (звыш 1,8 млн долараў).

У дачыненні да падазраванага — грамадзяніна Польшчы — абраная мера стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду і забароны на выезд з краіны. У рамках абвінавачання ў “збыце падакцызных тавараў (пасрэдніцтве)” яму можа пагражаць да 7,5 года зняволення.

Падзяліцца: