Мінск 01:33

Зарэгістраваная Палата рыэлтараў, адпаведныя паслугі змогуць надаваць толькі яе члены

16 красавіка, Позірк. Міністэрства юстыцыі, згодна з яго інфармацыяй, у адпаведнасці з законам “Аб рыэлтарскай дзейнасці” 16 красавіка зарэгістравала Палату рыэлтараў.

Кіраўніком палаты абраны Генадзь Шыханцоў, рыэлтар Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Мінюст заявіў, што стварэнне Палаты рыэлтараў “дазволіць забяспечыць прамы ўдзел саміх спецыялістаў у фарміраванні стандартаў і правілаў іх дзейнасці, гарантаваць адпаведнасць рашэнняў, якія прымаюцца, рэальным патрэбам і выклікам, што стаяць перад рыэлтарамі на практыцы, атрымаць механізм зваротнай сувязі, які дазваляе аператыўна рэагаваць на змены рынку”.

З 16 траўня 2026 года рыэлтарскія паслугі ад імя рыэлтарскай арганізацыі будуць мець права надаваць толькі рыэлтары, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў. Прыём у члены ажыццяўляе выканаўчы орган — праўленне палаты.

Паводле інфармацыі на сайце новастворанай палаты, яна ўжо прыняла першых членаў, агулам у спісе 14 чалавек.

25 верасня 2024 года Мінюст паведаміў пра намер спыніць дзейнасць агентаў па нерухомасці і стварыць Палату рыэлтараў.

2 красавіка 2025 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў другім чытанні падтрымала скасаванне інстытута агентаў па аперацыях з нерухомасцю.

9 красавіка таго ж года інтэрнэт-рэсурс Tochka.by, які працуе ўнутры краіны, са спасылкай на свае крыніцы паведаміў пра масавыя ператрусы ў агенцтвах нерухомасці — былі затрыманні, у тым ліку кіраўнікоў.

12 траўня 2025 года закон “Аб рыэлтарскай дзейнасці” падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Падрыхтоўка закона “была абумоўленая неабходнасцю комплекснага ўрэгулявання адносін, звязаных з аказаннем рыэлтарскіх паслуг”, паведаміла яго прэс-служба.

15 верасня таго ж года юрыст-міжнароднік, эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дэйкала на прэзентацыі падрыхтаванага арганізацыяй агляду “Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Травень – жнівень 2025 года“ звярнула ўвагу на ідэалагічны кантроль некаторых прафесій. У прыватнасці, для рыэлтараў былі ўведзеныя новыя правілы атэстацыі. Пасведчанне на ажыццяўленне адпаведнай дзейнасці анулюецца, калі яго ўладальнік браў удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах“.

26 верасня ў Варшаве на II кангрэсе па палітвязнях у Беларусі #WithoutJustCause Дэйкала таксама адзначыла, што людзі, якія мелі судзімасць або прыцягваліся да адказнасці па “палітычных“ артыкулах КК і КаАП, церпяць у правах: іх “пазбаўляюць права свабоднага выбару працы, уводзяцца забароны на шэраг прафесій, яны не могуць быць педагагічнымі работнікамі, натарыусамі, рыэлтарамі, аўдытарамі, антыкрызіснымі кіраўнікамі“.

Падзяліцца: