Мінск 18:11

У Мінску шэраг медыцынскіх і навучальных устаноў атрымаў ілжывыя паведамленні пра закладзеную выбухоўку

Ілюстрацыйнае фота: Towfiqu Barbhuiya / unsplash.com

1 верасня, Позірк. Шэраг медыцынскіх і навучальных устаноў Мінска атрымаў электронныя паведамленні пра нібыта закладзеныя выбуховыя прылады, паведамляе сталічная міліцыя.

Спецыялісты сапёрна-піратэхнічных груп абследавалі аб’екты, якім паступілі пагрозы, і прылеглую тэрыторыю. Небяспечных прадметаў і выбуховых прылад не знойдзена.

Цяпер супрацоўнікі міліцыі шукаюць асоб, якія накіравалі ілжывыя паведамленні.

6 ліпеня паведамлялася пра адкрыццё крымінальнай справы ў дачыненні да 15-гадовага жыхара Мінска. Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў, падлетак “пасварыўся з сябрамі і захацеў ім адпомсціць”.

“Для гэтага стварыў падробленыя электронныя адрасы з імёнамі апанентаў, даведаўся, дзе яны вучацца, і накіраваў у іх школу і гімназію лісты пра закладзеную бомбу, — гаварылася ў паведамленні. — Экстраныя службы адрэагавалі аператыўна, інфармацыя не пацвердзілася. Сватэр выразна разумеў, што здзяйсняе злачынства, і рабіў захады канспірацыі. Аднак гэта яму не дапамагло”.

Значны рост колькасці ілжывых паведамленняў пра небяспеку канстатавала на прэс-канферэнцыі 17 лютага ў Мінску старшы пракурор Упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аксана Кірэйчык.

Паводле яе слоў, у 2025 годзе колькасць такіх паведамленняў вырасла ў чатыры разы ў параўнанні з 2024-м. Пры гэтым канкрэтных лічбаў спікер не назвала.

“Асноўным матывам такіх дзеянняў з’яўляецца помста іншым асобам — у асноўным аднакласнікам, аднагрупнікам, знаёмым — за нейкія канфліктныя сітуацыі, — адзначыла Кірэйчык. — Пры гэтым у большасці выпадкаў падлеткі, не ўсведамляючы сваёй адказнасці, знаходзяць у сетцы інтэрнэт выканаўцаў, якія знаходзяцца за мяжой, прапануюць ім паведаміць ад імя трэціх асоб заведама ілжывую інфармацыю пра небяспеку”.

Як правіла, гаворка ідзе пра “мінаванне” сацыяльных аб’ектаў.

Прадстаўніца нагляднага органа прывяла прыклад: навучэнец адной са школ у Мінскай вобласці накіраваў пяць заведама ілжывых паведамленняў пра рыхтаваныя выбухі. Падчас праверкі было высветлена — непаўналетні не разумеў, што здзяйсняе супрацьпраўныя дзеянні і нясе за іх адказнасць.

Падзяліцца: