Мінск 13:56

Выстаўленае абвінавачанне 28 фігурантам справы махлярскага кол-цэнтра

Ілюстрацыйнае фота: Аляксей Кісялеўскі / Следчы камітэт

24 верасня, Позірк. 28 фігурантам справы махлярскага кол-цэнтра выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры), паведаміла 24 верасня прэс-служба Следчага камітэта.

Гаворка пра цэнтр, дзейнасць якога была спыненая ў красавіку 2026 года.

Паводле інфармацыі ведамства, удзельнікі групы (узрост — ад 23 да 56 гадоў) з санкцыі пракурора ўзятыя пад варту.

Адзначаецца, што агулам па крымінальнай справе вызначана 82 пацярпелыя, пераважна старэйшага і сталага ўзросту. Агульная сума шкоды перавысіла 2 млн рублёў. На маёмасць абвінавачаных, агульны кошт якой ацэньваецца ў суму каля 2 млн рублёў, накладзены арышт. Фігуранты ўжо кампенсавалі больш за 140 тыс. рублёў.

Згодна з абвінавачаннем, кіраўнікі і ўдзельнікі махлярскага кол-цэнтра займаліся “сістэматычным завалоданнем грашовымі сродкамі замежных грамадзян пад маркай аказання брокерскіх паслуг”. Дзейнасць маскавалася “пад шырмай рэальна існых міжнародных камерцыйных арганізацый, якія маюць дачыненне да біржавых аперацый”.

Паводле даных следства, яны “выбудавалі шматузроўневую сістэму падману людзей, стварылі і адміністравалі” ў інтэрнэце рэсурсы, “на якіх размяшчалася ілжывая інфармацыя пра атрыманне высокага заробку на рынках каштоўных папер”.

Набываючы на спецыялізаваных сайтах кантактныя даныя і звесткі пра асоб, якія цікавяцца атрыманнем прыбытку за кошт інвестыцый, удзельнікі групы, “выкарыстоўваючы вымышленыя псеўданімы, ажыццяўлялі званкі, электронную перапіску, аўдыя- і відэазносіны, прадстаўляючыся супрацоўнікамі падстаўных брокерскіх кампаній”. Заяўлена, што яны “наладкоўвалі псіхалагічны кантакт, уводзілі грамадзян у зман адносна сапраўдных намераў, паведамлялі заведама ілжывую інфармацыю пра магчымасць гарантаванага або істотна павялічанага даходу пры пасярэдніцтве спецыялістаў фіктыўных кампаній”.

Пацярпелым, паводле інфармацыі СК, накіроўваліся “электронныя выявы падробленых дакументаў”, у прыватнасці, дагавораў на аказанне брокерскіх паслуг, ліцэнзіі на права вядзення брокерскай дзейнасці, гарантыйных лістоў, страхавых пасведчанняў, розных інвестыцыйных дакументаў.

Пасля удзельнікі групы, як сцвярджаецца, атрымлівалі ад людзей копіі пашпартоў ды іншых асабістых дакументаў, а таксама звесткі пра іх плацежаздольнасць. Усе гэтыя даныя “сістэматызаваліся і ўносіліся ў CRM-сістэмы, забяспечваючы іх далейшае выкарыстанне іншымі ўдзельнікамі злачыннай дзейнасці”.

Фігуранты давалі пацярпелым спасылкі на падстаўныя інтэрнэт-рэсурсы, “забяспечвалі іх рэгістрацыю і стварэнне ўліковых запісаў з дэпазітнымі рахункамі”. Грамадзянам дэманстраваліся “магчымасці фіктыўных платформаў”, праводзілася навучанне “выкарыстанню ўліковых запісаў”, стваралася “ілжывае ўяўленне пра наяўнасць правоў кіравання дэпазітамі і магчымасці свабоднага папаўнення і вываду сродкаў”.

У далейшым удзельнікі групы “ўцягвалі іх у імітаваную біржавую дзейнасць, кіравалі іх дзеяннямі на падстаўных платформах, адлюстроўвалі фіктыўную высокую даходнасць аперацый”.

Адзначаецца, што ў якасці падстаў для пераводу грошай выкарыстоўваліся як першапачатковыя дэпазіты, так і вымышленыя падставы, “звязаныя з папаўненнем для далейшага трэйдзінгу, а таксама нібыта неабходнымі працэдурамі — верыфікацыяй, лістынгам, акрэдытацыяй, клірынгам, страхаваннем” ды інш.

“У рэчаіснасці так званы заробак існаваў толькі як старанна сканструяваная ілюзія. З дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння зламыснікі імітавалі працу біржавых сэрвісаў, фармавалі псеўдаграфікі і дэманстравалі “рост капіталу”, цалкам кантралюючы карцінку, якую бачыў чалавек на экране”, — заявіў СК.

Выкрадзеныя ў пацярпелых грошы пераводзіліся на падкантрольныя ўдзельнікам групы рахункі. Далей сродкі “размяркоўваліся на іх розум, у тым ліку выдаткоўваліся на аплату розных паслуг па забеспячэнні махлярскіх кол-цэнтраў”, напрыклад, “на мерапрыемствы па “згуртаванні калектыву”.

Заяўлена, што для “ўтойвання злачыннай дзейнасці” і “надання ёй бачнасці законнасці” фігуранты стварылі ў Беларусі некалькі суб’ектаў гаспадарання, арандавалі офісныя памяшканні, закупілі кампутарнае абсталяванне, сродкі ананімізацыі, IP-тэлефаніі, іншыя тэхнічныя прылады і праграмныя прадукты. Новых удзельнікаў падбіралі праз спецыялізаваныя сайты па пошуку працы, а сумоўі праводзіліся ў тым ліку з выкарыстаннем паліграфа.

З улікам “міжнароднага характару здзейсненых злачынстваў” для арганізацыі расследавання ўзаемазвязаных крымінальных спраў створаная сумесная з расійскімі органамі следча-аператыўная група.

Пра затрыманне 37 супрацоўнікаў махлярскага кол-цэнтра ў Мінску 2 красавіка 2026 года паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у Палаце прадстаўнікоў.

Паводле слоў чыноўніка, затрыманыя “здзейснілі больш за сто злачынстваў на тэрыторыі толькі РФ, але дзейнічалі ўсе тут”. Кіраўнік МУС тады заявіў, што вынятыя “значныя сумы грошай, дарагія аўтамабілі”.

Падзяліцца: