Мінск 17:59

Лукашэнка канстатаваў зніжэнне тавараабароту Беларусі з Пакістанам у 2025 годзе

Ісламабад
Ілюстрацыйнае фота: hunzaexplorers.com

1 верасня, Позірк. Зніжэнне тавараабароту з Пакістанам у 2025 годзе канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам 1 верасня ў Бішкеку (Кыргызстан) на палях Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

“Мы крыху з тавараабаротам праваліліся, працэнтаў на 20, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Але сёлета ў жніўні ўсё ж у плане даручэнняў зрухі маюцца. Нашы і вашы спецыялісты атрымалі пэўныя задачы. Я думаю, што будучы год у нас мае быць больш актыўным. <…> Праблемы існуюць і заўсёды будуць, але няма тых праблем, якія мы не змаглі б з вамі пераадолець. Давайце ў гэтым кірунку дзейнічаць”.

Як заявіў Лукашэнка, яны з кіраўніком пакістанскага ўрада “дамовіліся пра тое, што павінны падтрымліваць добрыя палітычныя стасункі і рэалізоўваць эканамічныя праекты”.

“Калі шчыра казаць, то з палітыкай у нас усё нармальна. У нас добрыя палітычныя стасункі, добрыя асабістыя стасункі. Мы сябры, што тут казаць”, — падкрэсліў ён.

Адзначаецца, што бакі абмеркавалі розныя кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння. Прадстаўнік уладаў Пакістана выказаў інтарэс да супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі і высокіх тэхналогій. Гаворка таксама ішла пра падрыхтоўку кадраў. Было адзначана, што ў хуткім часе група пакістанскіх адмыслоўцаў прыедзе ў Мінск.

Акрамя таго, паведамляецца, што ўвага была нададзеная канфлікту ЗША і Ірана, а таксама сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым.

Лукашэнка паабяцаў знайсці час, каб сустрэцца з кіраўніцтвам Пакістана ў гэтай краіне, а таксама запрасіў Шарыфа і яго брата — былога прэм’ер-міністра Наваза Шарыфа — наведаць Беларусь.

Напярэдадні “Позірк” паведамляў, што кампаніі з Пакістана прапануюць грамадзянам сваёй краіны 121 вакансію для працы ў Беларусі. Напрыканцы ліпеня такіх вакансій было 166. Такім чынам, іх колькасць зменшылася.

Пры гэтым непасрэдна ў жніўні пакістанцам было прапанавана 25 новых вакансій, з чаго вынікае, што па 70 вакансіях набор спынены (у сувязі з запаўненнем альбо, магчыма, адсутнасцю попыту).

У красавіку 2025 года Лукашэнка выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. Ускосна ён раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.

Спадзеў на “эфектыўную рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых падчас сустрэч у 2024 і 2025 гадах” палітык выказаў 14 жніўня, віншуючы прэзідэнта Пакістана Асіфа Алі Зардары і прэм’ер-міністра Шахбаза Шарыфа з Днём незалежнасці.

Паводле слоў віншавальніка, “далейшае паглыбленне беларуска-пакістанскага партнёрства” ў сферах гандлю, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншых кірунках “у поўнай меры адпавядае стратэгічным інтарэсам абедзвюх дзяржаў”.

Дарожная карта “развіцця ўсебаковай супрацы” дзвюх краін на 2025–2027 гады была падпісаная 26 лістапада 2024 года ў Ісламабадзе па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Шарыфа.

На тых перамовах Лукашэнка заявіў пра магчымасць усталявання паміж краінамі бязвізавага рэжыму.

Паводле інфармацыі беларускага боку, агулам было падпісана 15 пагадненняў.

Пакістан з’яўляецца далёка не самым буйным гандлёвым партнёрам Беларусі. Даныя пра ўзаемны гандаль за 2022, 2023 і 2024 гады адсутнічаюць. У студзені — жніўні 2021-га, паводле інфармацыі беларускай амбасады ў гэтай краіне, тавараабарот склаў 53,2 млн долараў (беларускі экспарт — 44,3 млн, пакістанскія пастаўкі — 8,9 млн). Яшчэ з савецкіх часоў краіна з’яўляецца буйным імпарцёрам беларускіх трактароў.

Падзяліцца: