Мінск 17:00

Узяты пад варту 18-гадовы жыхар Магілёўскага раёна, які п’яным вёз пяцярых падлеткаў і трапіў у ДТЗ

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

1 верасня, Позірк. 18-гадовы жыхар Магілёўскага раёна, які ў стане алкагольнага ап’янення вёз пяцярых падлеткаў і трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне, узяты пад варту, паведаміла 1 верасня прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі абласной пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, аварыя здарылася 25 жніўня каля 5:20. Малады чалавек за стырном “Пежо 307” не даў рады кіраванню і выехаў за межы праезнай часткі — аўтамабіль перакуліўся.

Апрача кіроўцы ў машыне знаходзіліся пяцёра непаўналетніх. У выніку ДТЗ адна з пасажырак — 16-гадовая дзяўчына — атрымала адкрытую сярэднецяжкую чэрапна-мазгавую траўму, пералом зводу і асновы чэрапа, удар галаўнога мозга, удар мяккіх тканак галавы. Дзяўчына была шпіталізаваная. Атрыманыя ёю пашкоджанні адносяцца да катэгорыі цяжкіх паводле прыкметы небяспекі для жыцця.

Адзначаецца, што кіроўца “не датрымліваўся хуткаснага рэжыму”. Акрамя таго, ён не мае “дастатковых навыкаў кіравання аўтамабілем” — яго стаж кіроўцы на момант аварыі складаў усяго тры месяцы.

Дзеянні маладога чалавека кваліфікаваныя паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе <…> у стане алкагольнага ап’янення, <…> што з неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання).

У 2025 годзе колькасць ДТЗ у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у аварыях скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: