Мінск 15:55

У Латвіі набыла моц забарона на імпарт друкаванай прадукцыі і шэрагу спажывецкіх тавараў з Беларусі і РФ

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

1 верасня, Позірк. Правілы, якія прадугледжваюць забарону на імпарт шэрагу прамысловых тавараў з Беларусі і Расіі, а таксама тавараў беларускага і расійскага паходжання, якія ўвозяцца з трэціх краін, набылі моц 1 верасня 2026 года ў Латвіі.

Паводле інфармацыі Кабінета міністраў гэтай балтыйскай дзяржавы, урад зацвердзіў правілы, падрыхтаваныя Міністэрствам замежных спраў, на пасяджэнні 25 жніўня.

“Забарона ахоплівае друкаваныя кнігі, газеты ды іншую паліграфічную прадукцыю, адзенне, іншыя гатовыя тэкстыльныя вырабы, абутак, галаўныя ўборы, а таксама цацкі, гульні і спартыўныя прылады, — адзначыла прэс-служба Кабінета міністраў. — Мэта забароны на ўвоз — абарона інтарэсаў бяспекі Латвіі, скарачэнне магчымасцей Расіі і Беларусі атрымліваць даходы ад экспарту тавараў, а таксама абмежаванне паступлення ў Латвію расійскіх прапагандысцкіх матэрыялаў. Гэтыя тавары не з’яўляюцца ўнікальнымі, і на іншых рынках маюцца дастатковыя альтэрнатывы. Для Латвіі важна выказваць выразную пазіцыю, паслядоўна рухаючыся ва ўсіх сферах да спынення эканамічных сувязей з агрэсарам”.

Адзначаецца, што Латвія “ўжо правяла значную працу па скарачэнні эканамічных сувязей з Расіяй і Беларуссю”. Заяўлена, што імпарт з гэтых краін скараціўся на 91% — з 2 млн 129 тыс. еўра ў 2022 годзе да 193 млн у 2025-м.

“Гэтая забарона на ўвоз тавараў дапаўняе і іншыя ўжо рэалізаваныя ініцыятывы — санкцыйную палітыку ЕС і гандлёвыя абмежаванні, а таксама раней уведзеныя Латвіяй нацыянальныя абмежаванні на імпарт энергарэсурсаў, сельскагаспадарчай, рыбнай і харчовай прадукцыі з дзяржаў-агрэсараў, — гаворыцца ў паведамленні. — Прадугледжанае правіламі рэгуляванне будзе пераглядацца адзін раз на год з ацэнкай яго эфектыўнасці”.

“У далейшым неабходна працягваць аслабляць Расію і Беларусь на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Варта захоўваць максімальны ціск на расійскую ваенную эканоміку і на Беларусь як дзяржаву-суагрэсара, каб паменшыць здольнасць Расіі фінансаваць вайну і наблізіць дасягненне справядлівага і ўстойлівага міру”, — падкрэсліў Кабінет міністраў.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: