Мінск 19:55

Эстонія накіравала ў Латвію новую групу спецыялістаў для дапамогі ў ахове мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

1 верасня, Позірк. Пра чарговую ратацыю сваіх спецыялістаў (група ESTPOL11), якія дапамагаюць ахоўваць мяжу Латвіі з Беларуссю, паведаміў 1 верасня Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі.

Паводле інфармацыі ведамства, папярэдняя група працавала на латвійскай тэрыторыі з 17 жніўня.

“У найбліжэйшыя тыдні [новая] група з 11 эстонскіх спецыялістаў возьме ўдзел у патруляванні мяжы ў раёнах з найбольш высокім міграцыйным ціскам, — гаворыцца ў паведамленні. — Апрача [накіравання] супрацоўнікаў праваахоўных органаў Эстонія аказвае падтрымку аперацыі [па ахове латвійскай мяжы], выкарыстоўваючы службовых сабак, беспілотнікі ды іншае спецыялізаванае абсталяванне”.

Раней дэпартамент падкрэсліваў, што мэта гэтай місіі заключаецца ў тым, каб “не дапусціць ператварэння часовага міграцыйнага маршруту ў сталы”.

“Мы ўдзельнічаем у патруляванні мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю разам з нашымі латвійскімі калегамі для прадухілення незаконнага перасячэння мяжы, а таксама паралельна працуем над тым, каб забяспечыць вяртанне асоб, што незаконна прыбылі ў Эстонію, і затрыманне гандляроў людзьмі і іх памагатых”, — адзначала ведамства.

Заяўлена, што Талін працягне супрацоўнічаць з Рыгай, каб “дапамагчы прадухіліць незаконнае перасячэнне мяжы — як мага бліжэй да мяжы”.

У жніўні 2026 года суседнія краіны Еўрасаюза зафіксавалі 1.741 спробу парушэння мяжы мігрантамі з тэрыторыі Беларусі, паказаў праведзены “Позіркам” аналіз масіву аператыўных даных іх памежных службаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: