Урад на паўгода падаўжае забарону на вываз з Беларусі прамтавараў, скарэктаваўшы іх пералік

1 верасня, Позірк. Забарона на вываз за межы Беларусі прамысловых тавараў паводле вызначанага пераліку з 23 верасня падаўжаецца яшчэ на шэсць месяцаў. Адпаведную пастанову Савета міністраў падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведаміла 1 верасня прэс-служба ўрада.
Рашэнне аргументаванае імкненнем не дазволіць “неабгрунтаванага вывазу прамысловых тавараў з тэрыторыі Беларусі ва ўмовах прадухілення дэфіцыту такіх тавараў на ўнутраным рынку краіны”.
З паведамлення прэс-службы Савета міністраў вынікае, што пералік, у якім цяпер фігуруе каля 200 груп прамтавараў, зведаў змены. У прыватнасці, з яго выключаныя фактычна незапатрабаваныя тавары (“дазвольны парадак вывазу <…> немэтазгодны <…> з прычыны поўнай адсутнасці заяў на вываз у перыяд дзеяння абмежавальнай меры або іх нязначнай колькасці”); тавары, неабходныя айчынным кампаніям, якія працуюць па-за межамі Беларусі (“што вывозяцца за межы рэспублікі на адрас тавараправоднай сеткі беларускіх арганізацый за мяжой або спецпрадстаўнікоў”); тавары, “экспарт і тэхнічнае абслугоўванне якіх ускладняецца ў сувязі з неабходнасцю атрымання дазволаў на вываз”.
У паведамленні не канкрэтызуецца, якая менавіта прадукцыя выключаная са спіса і колькі пазіцый у ім засталося. Тэкст дакумента пакуль не апублікаваны — згодна з карткай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пастанова № 442 “Аб увядзенні часовай забароны на вываз асобных відаў прамысловых тавараў” зарэгістраваная 1 верасня і, верагодна, будзе апублікаваная на наступныя суткі.
Цяперашняя забарона на вываз каля 200 груп прамтавараў дзейнічае з 23 сакавіка. У абноўленым увесну пераліку гаворка ідзе пра шэраг медыцынскіх вырабаў і кампанентаў; газавыя рэзервуары, цыстэрны і бакі; ядзерныя рэактары і цеплавыдзяляльныя элементы; розныя паравыя катлы і іх часткі, газагенератары, турбіны, помпы, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі; печы і халадзільнае абсталяванне; шэраг прамысловых і сельскагаспадарчых машын і абсталявання; краны, пад’ёмнікі, бульдозеры; станкі; акумулятары і батарэі; фота-, відэа- і аўдыёапаратуру; апаратуру вяшчання, навігацыі, лакацыі і дыстанцыйнага кіравання, якая працуе з радыёхвалямі; розную электратэхніку, схемы і кампаненты; чыгуначныя лакаматывы і вагоны; аўтамабілі, шасі, кузавы і прычэпы; аэрастаты, дырыжаблі, беспілотнікі; плывучыя судны; вымяральныя прыборы ды інш.
Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на сертыфікаваныя тавары або тавары, якія суправаджаюцца актам экспертызы паходжання, што пацвярджае іх беларускае або расійскае паходжанне.
Нормы пастановы таксама не тычацца прадукцыі, якая перамяшчаецца суб’ектамі РФ транзітам праз тэрыторыю Беларусі, вывозіцца ў адпаведнасці з дамовамі Саюзнай дзяржавы.
Дзейнічаюць і іншыя выключэнні. У асобных выпадках тавары можна вывозіць на падставе ліцэнзій або пропускаў на вываз аб’ектаў экспартнага кантролю (спецыфічных тавараў). У сакавіцкай пастанове з’явіўся дадатковы пункт, згодна з якім свабодны вываз магчымы таксама ў выпадках, калі заканадаўствам аб экспартным кантролі выдача ліцэнзій на тую ці іншую прадукцыю не прадугледжаная.
Упершыню шасцімесячная забарона была ўведзеная ў сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў дзеянні Уладзіміра Пуціна, а заходнія краіны пачалі ўводзіць супраць Мінска і Масквы санкцыі. Беларускія ўлады аргументавалі сваё рашэнне “абаронай эканамічных інтарэсаў”.
Урад вярнуў забарону 21 сакавіка 2023 года і з тае пары рэгулярна падаўжаў яе дзеянне — 20 верасня 2023 года, 22 сакавіка і 20 верасня 2024-га, 21 сакавіка і 18 верасня 2025-га, 19 сакавіка 2026-га і цяпер — 1 верасня.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаМіграцыйны ціск у жніўні знізіўся на Латвію і Польшчу, вырас на Літву — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка


