Мінск 23:28

У 2026 годзе ў Беларусі пройдуць двое сумесных вучэнняў АДКБ

Архіўнае фота: АДКБ

16 красавіка, Позірк. У 2026 годзе Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) правядзе шэсць сумесных вучэнняў. Пра такія планы паведаміў 16 красавіка начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў.

“Тры з іх пройдуць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, двое вучэнняў — на тэрыторыі Беларусі і адно — Рэспублікі Казахстан“, — цытуе военачальніка ТАСС.

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства абароны РФ, у Маскве прайшло пасяджэнне вайсковага камітэта АДКБ, на якім была разгледжаная “ваенна-палітычная абстаноўка, што складваецца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі АДКБ”.

Як заявіў Герасімаў, асноўная ўвага надаецца “ўдасканаленню супрацьпаветранай абароны Калектыўных авіяцыйных сіл і навучанні ваенных кадраў АДКБ”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінабароны Беларусі, кіраўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка “праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб выкліках і пагрозах ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне“.

6 красавіка ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія з’яўляецца “цэнтральным звяном“ у АДКБ.

“І ўсім трэба выдатна разумець, што, напрыклад, на заходнім напрамку асноўным звяном АДКБ, натуральна, з’яўляецца Беларусь, — цытавала прамоўцу яго прэс-служба. — І не дай бог нейкі канфлікт на гэтым кірунку, Расія заўсёды павінна мець тут ядро Узброеных сіл, якія падключацца да дзеянняў беларускага войска, каб абараніць нашу прастору. На поўдні, вядома, прыйдзецца напружвацца і вам (Кыргызстану, прадстаўніком якога з’яўляецца Масадыкаў. — “Позірк”.), і Казахстану. Абавязкова. Таму што гэта паўднёвы кірунак і зноў жа Расея будзе вас падтрымліваць. І падпіраць, як вайскоўцы кажуць”.

Праблемным пытаннем у АДКБ Лукашэнка назваў сітуацыю з Арменіяй: “Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў працы з Арменіяй. Вы ведаеце, што Арменія быццам бы і не падтрымлівае працу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў арганізацыі. Трэба быць вельмі карэктнымі. У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд (парламенцкія выбары запланаваныя на лета 2026 года. — “Позірк”.). Вельмі няпростая сітуацыя. Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў адносінах з Арменіяй“.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі аб магчымым выхадзе з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас канфлікту з Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаха, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну“ супраць Арменіі разам з Баку. Акрамя таго, улады Арменіі заявілі, што могуць разгледзець магчымасць выхаду з АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза, калі Расія павысіць для краіны цэны на газ.

Расія пры падтрымцы беларускага рэжыму (ВПК, транспартныя шляхі, медыцына) пяты год вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Падзяліцца: