Мінск 18:57

Лукашэнка прапанаваў ЗША павучыцца “рэальнай дэмакратыі” ў Беларусі

Архіўныя відэа: WAAY 31 News і СТВ / стоп-кадры і калаж: "Позірк"

17 красавіка, Позірк. З рэзкай крытыкай палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі выступіў Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка ў інтэрв’ю амерыканска-кубінскаму журналісту Рыку Санчэсу для падкантрольнага Расіі міжнароднага тэлеканала Russia Today.

У прыватнасці, спікер прапанаваў ЗША “вучыцца дэмакратыі” ў Беларусі (на падставе расшыфраванага прэс-службай палітыка фрагмента відэаінтэрв’ю).

“У нас — я пра гэта даўно казаў — дэмакратыі вам давядзецца вучыцца. У нас у сто разоў гэтай дэмакратыі больш, чым у вас. Рэальнай дэмакратыі, рэальных правоў чалавека… Пра якія правы чалавека вы можаце разважаць, калі вы забіваеце людзей? Забілі чалавека — якія ў яго правы? Ён мёртвы”, — заявіў ён у кантэксце апошніх дзеянняў Вашынгтона дзеянняў Вашынгтона ў Венесуэле і Іране, а таксама ваеннай аперацыі Ізраіля ў сектары Газа.

Лукашэнка сказаў, што “палітыка ЗША прадыктаваная інтарэсамі, а не дэмакратыяй і правамі чалавека”. Напрыклад, на яго думку, “у выпадку вайны з Іранам гаворка ідзе пра жаданне займець кантроль над нафтай і газам”.

“Гэтыя інтарэсы (кантроль над вуглевадародамі. — “Позірк”.) вамі здабываюцца любым спосабам, у тым ліку ваенным. Вы гатовыя бамбіць, ламаць, крышыць, нягледзячы ні на якія правы чалавека — гэта аснова дыктатуры”, — заявіў ён.

Акрамя таго, лічыць Лукашэнка, дэмакратыі няма і ўнутры саміх Злучаных Штатаў: “Вы кажаце пра правы чалавека, пра дэмакратыю, а рэальна ў краіне нічога не мяняецца. Дык, можа быць, у вас дыктатура ўнутры краіны?”

Прэс-служба палітыка паведаміла, што ў інтэрв’ю сярод іншага былі ўзнятыя тэмы падрыхтоўкі “вялікай здзелкі Беларусі і ЗША” і “яе магчымыя ўмовы”, “асаблівага шляху ЗША да аднаўлення супрацы з Расіяй — праз Беларусь”, а таксама “магчымасці сустрэчы” Лукашэнкі і амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.

Адметна, што Лукашэнка, крытыкуючы палітыку ЗША як такую, імкнецца пазбягаць прамой крытыкі Трампа, выказваецца пра яго ў асноўным у пазітыўным ключы.

У прыватнасці, 3 красавіка Лукашэнка заявіў, што ЗША ў вайсковым канфлікце з Іранам, які на той момант яшчэ не прайшоў вострую фазу, нібыта пачалі дзейнічаць у адпаведнасці з тымі рэкамендацыямі, якія ён даў Трампу. Спікер сцвярджаў, што прасіў перадаць амерыканскаму прэзідэнту, каб той “даў Ізраілю паваяваць з Іранам”. “Вось і пабачым, што атрымаецца. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць, як ва Украіне Захад ваюе. <…> Вось бачу, што здаровы глузд узяў уверх, паціху, паціху адтуль сыходзяць”, — сказаў ён тады.

20 сакавіка, распавядаючы прапагандыстам пра перагаворы з амерыканцамі, Лукашэнка казаў пра вялікую здзелку з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.

30 сакавіка Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні Савета міру.

15 студзеня прэзідэнт ЗША абвясціў пра фармаванне Савета міру, які будзе кіраваць аднаўленнем сектара Газа. Стварэнне гэтай структуры ўваходзіць у мірны план амерыканскага лідара для Газы разам з размяшчэннем міжнародных сіл.

Лукашэнка атрымаў запрашэнне ўступіць у Савет міру і падпісаў дакумент пра далучэнне Беларусі да яго 20 студзеня.

Устаноўчае пасяджэнне Савета міру адбылося 22 студзеня 2026 года ў Давосе, інаўгурацыйнае — 19 лютага ў Вашынгтоне, Беларусь у іх не ўдзельнічала. Інфармацыі пра дату наступнай сустрэчы няма.

Санкцыі ў дачыненні да Мінска — у тым ліку ЗША (паступова мякчэюць у адказ на вызваленне палітвязняў), Еўрасаюза ды шэрагу асобных дзяржаў — уведзеныя сярод іншага праз сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама праз тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію ва Украіне.

Падзяліцца: