Мінск 18:11

Дэмсілы прапанавалі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ распрацаваць “Вільнюскія рашэнні”

Фота ў тэлеграм-канале Ціханоўскай

17 красавіка, Позірк. Распрацаваць “Вільнюскія рашэнні” (паводле аналогіі з “Люксембургскімі рашэннямі”) — практычныя рэкамендацыі для мэраў і муніцыпалітэтаў еўрапейскіх гарадоў па падтрымцы беларусаў — прапанавала дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл на сустрэчы з генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Мацьё Мары, якая прайшла ў сталіцы Літвы.

Паводле інфармацыі на сайце беларускага дэмлідара, у сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай — Дзяніс Кучынскі (дырэктар вільнюскага офіса і яе дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі), Анатоль Лябедзька (па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе) і Павел Церашковіч (па навуцы і адукацыі); Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) — Вольга Зазулінская і Юлія Міцкевіч (прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы і яе намесніца адпаведна); каардынатар ініцыятывы “Вольныя” Вераніка Станкевіч.

Кучынскі ад імя Ціханоўскай падзякаваў Мары за “паслядоўную падтрымку” і супрацу з беларускімі дэмсіламі.

У сваю чаргу Лябедзька паведаміў пра прававую працу над праектамі “Канстытуцыі новай Беларусі” і “закона аб мясцовым самакіраванні”; прапанаваў развіваць сетку дэпутацкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” на мясцовым узроўні; прапанаваў правесці канферэнцыю з удзелам еўрапейскіх мэраў; падкрэсліў неабходнасць распрацаваць шырокі пакет законаў для мясцовага самакіравання.

Церашковіч распавёў пра маштабы палітычных пераследаў у сферы адукацыі Беларусі і звярнуў увагу на бюракратычныя перашкоды, якія абмяжоўваюць магчымасці аказання дапамогі рэпрэсаваным настаўнікам і навучэнцам.

Зазулінская звярнула ўвагу Мары на тое, што рэпрэсіі ўнутры Беларусі не слабеюць, а набываюць больш крыміналізаваны характар. У гэтым кантэксце яна ўзняла пытанні пра беларусаў у Грузіі і Украіне, а таксама асвятліла праблему ануляваных пашпартоў у дэпартаваных палітвязняў. Прадстаўніца АПК таксама заявіла пра неабходнасць доўгатэрміновых праграм дапамогі для ўразлівых груп і асаблівую важнасць рэабілітацыі для былых добраахвотнікаў.

Міцкевіч узняла пытанне пра ўключэнне гендэрнай роўнасці “ў якасці скразнога кампанента” ў праграмы навучання па мясцовым самакіраванні. Яна таксама абмеркавала стажыроўкі для маладых людзей, каб тыя маглі на практыцы “вывучаць еўрапейскія стандарты недыскрымінацыі і дзяржаўнага кіравання”. Бакі дамовіліся, што такія будуць арганізаваныя ў супрацы з Саветам Еўропы і прадстаўніцай АПК па моладзевай палітыцы Маргарытай Ворыхавай.

Станкевіч прадставіла аналіз праблем адаптацыі былых палітвязняў у ЕС; адзначыла, што існая дапамога часта фрагментарная і не ўлічвае спецыфіку траўматычнага досведу; прапанавала перавесці падтрымку на сістэмны ўзровень праз муніцыпальныя праграмы.

Як паведамляецца, па выніках сустрэчы прадстаўнікі дэмсіл прапанавалі падпісаць мемарандум аб узаемадзеянні і абмеркавалі далейшую сумесную працу над пакетам законапраектаў, адзначыўшы, што ў Кангрэсе ўжо працуе дэлегацыя праграмы “Кадравы рэзерв”.

Асобна ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымую дапамогу Кангрэса ў інтэграцыі былых палітвязняў у грамадства пасля вызвалення.

“Люксембургскія рашэнні” — прыняты ў чэрвені 2023 года набор рэкамендацый Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзян ў эміграцыі. Яны скіраваныя на садзейнічанне легалізацыі беларусаў за мяжой, падтрымку грамадзянскай супольнасці і супрацьдзеянне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дзейнічаючы як інструмент для нацыянальных парламентаў краін-членаў.

Механізмы іх рэалізацыі на мясцовым узроўні разглядаліся, у прыватнасці, на 49-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў летась у кастрычніку.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Савета Еўропы, з’яўляецца яе трэцяй асноўнай інстытуцыяй (поруч з Камітэтам міністраў і ПАСЕ), куды ўваходзяць губернатары, мэры, лідары мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

Падзяліцца: