Мінск 10:58

У ракеце, якой РФ ударыла па Харкаву, знойдзены беларускі кампанент

Рэндар на партале War&Sanctions

10 сакавіка, Позірк. У крылатай ракеце “Выраб 30”, якой Расія ўдарыла па Харкаве ў ноч на 7 сакавіка, выкарыстоўвалася мікрасхема мінскага завода “Інтэграл”, сведчаць звесткі на партале War&Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны.

Украінскія адмыслоўцы ідэнтыфікавалі 24 кампаненты ракеты. Адным з іх з’яўляецца мікрасхема васьміразраднага рэгістра “1554ИР22Т”, вырабленая згаданым заводам у 2023 годзе. Гэта лагічны элемент, які захоўвае 8 біт даных і можа адначасова прымаць ці выдаваць восем сігналаў. У рамках “Вырабу 30” уваходзіць у склад блока кіравання баявым рыштункам (БУБС-30).

Іншыя ідэнтыфікаваныя кампаненты ракеты зробленыя ў ЗША (10), Расіі (8), Швейцарыі (3), Кітаі (1) і Нідэрландах (1).

“Ракеты застаюцца істотным дадаткам да комплексу сродкаў паражэння, — канстатаваў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк. — Па Харкаве была прымененая новая распрацоўка пад умоўным назвай “Выраб 30”. Гэта пэўнае развіццё крылатай ракеты Х-101, аднак маюцца і істотныя адрозненні. Апрача чыста тэхнічных, гэта ўдвая большая баявая частка — цяпер гэта 800 кг, з якіх не менш за 200 кг — выбуховае рэчыва. Па кампанентнай базе бачым нямала новага. Сярод замежных кампанентаў — класічныя STMicroelectronics, UBlox, Analog Devices, Texas Instruments, беларускі “Інтэграл”.

Раней украінскія спецыялісты ўжо адзначалі, што прадукцыя “Інтэграла” пераважае сярод вырабленых у Беларусі складных частак узбраення, якое Расія выкарыстоўвае для агрэсіі супраць Украіны.

Спецыялізаванае медыя ваеннага профілю Militarnyi падкрэслівае, што гэтае беларускае прадпрыемства “ўдзельнічае ў кааперацыі па вытворчасці расійскіх ракет і забяспечвае электронную кампанентную базу для розных сістэм узбраення”.

У прыватнасці, у рамках вытворчасці крылатых ракет Х-101 “Інтэграл” вырабляе шэраг мікрасхем (напрыклад, “1533СП1”, “1533АП6”, “1533ИД7”, “1533АП3”, “9000РУ4У”,
“588ИР1”), а таксама іншыя элементы, якія ўваходзяць у склад бартавых вылічальных сістэм.

У рамках кааперацыі па вытворчасці крылатай ракеты 9М727 для аператыўна-тактычнага комплексу “Іскандэр-К”, паводле звестак СМІ, завод пастаўляе чатырохразрадныя селектары “1533КП14.2235”, чатырохканальныя фармавальнікі “1533АП5”, а таксама машыны “Заря-61М” і сістэмы вымярэння паветранага ціску.

Прадпрыемства “Інтэграл” у лютым 2025 года трапіла пад санкцыі Еўрасаюза — менавіта за тое, што яго прадукцыя закупляецца расійскімі арганізацыямі, што ўдзельнічаюць у вайне, “і была знойдзеная на полі бою”.

Ціханоўская асудзіла начны ўдар РФ, які прывёў да ахвяр сярод мірных жыхароў у Харкаве

7 сакавіка, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская асудзіла начны ўдар Расіі па Украіне, які прывёў да гібелі сярод мірных жыхароў. "Яшчэ адна жудасная расійская атака на Харкаў забіла семярых мірных жыхароў, уключаючы дзяцей, у іх дамах, — напісала палітык …
Падзяліцца: