Мінск 12:44

Ціханоўская: Мы ў даўгу перад загінулымі абаронцамі за будучыню, у якой Украіна пераможа, а Беларусь нарэшце будзе вольнай

Ілюстрацыйнае фота: David Tomaseti / unsplash.com

29 жніўня, Позірк. “Мы ўшаноўваем усіх, хто аддаў сваё жыццё за свабоду Украіны, у тым ліку беларусаў, якія змагаліся і загінулі, абараняючы яе”, — адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Дзень памяці загінулых абаронцаў Украіны, які адзначаецца 29 жніўня.

“Мы ў даўгу перад імі за будучыню, у якой Украіна пераможа, а Беларусь нарэшце будзе вольнай”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.

Згодна з інфармацыяй Украінскага інстытута нацыянальнай памяці, Дзень памяці загінулых абаронцаў Украіны запачаткаваны ў 2019 годзе. З датай 29 жніўня, як адзначаецца, “звязаны адзін з самых трагічных эпізодаў расійска-ўкраінскай вайны да поўнамаштабнага ўварвання — выхад украінскіх воінаў з акружэння пад Ілавайскам у 2014 годзе”.

“Тады расійскае кіраўніцтва — як гэта для яго звычайна — парушыла дамоўленасці: украінскіх вайскоўцаў расстралялі, калі яны калонамі рухаліся па тым, што мелася быць “зялёным калідорам”. Іх шлях пралягаў праз палі сланечніка. Таму традыцыйным сімвалам памятнага дня 29 жніўня стаў сланечнік”.

На сустрэчы з Ціханоўскай 25 траўня 2026 года ў Кіеве ўкраінскі міністр замежных спраў Андрэй Сібіга заявіў, што “больш за 90 грамадзян Рэспублікі Беларусь аддалі сваё жыццё, змагаючыся плячо ў плячо з украінцамі супраць агульнага ворага — імперскай Расіі”.

На канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня ў Варшаве прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, у вайне Расіі супраць Украіны загінула ўжо больш за 500 беларусаў, якія ваявалі на баку РФ.

Падзяліцца: