Мінск 00:23

Беларуска, якая лічылася зніклай без вестак у Непале, выйшла на сувязь з кітайскага Тыбету

Стыхійнае бедства ў Непале
Відэазапіс: BBC News

28 жніўня, Позірк. Беларуска Ірына Армус, якая лічылася зніклай без вестак пасля стыхійнага бедства ў Непале, выйшла на сувязь, паведаміла Белтэлерадыёкампанія.

На старонцы кампаніі ў інтэрнэце размешчаны скрыншот старонкі жанчыны ў “Інстаграме“, дзе яна паведамляе, што яе група “ў парадку“ і знаходзіцца “вельмі высока ў Дарчэне” (высакагорны пасёлак на захадзе кітайскага Тыбету. — Позірк.).

Пра тое, што турыстка з Беларусі лічыцца сярод зніклых без вестак у выніку паводкі, якая здарылася 26 жніўня ў Непале, дзяржСМІ паведамлялі на наступны дзень са спасылкай на беларускую амбасаду ў Індыі.

МЗС Беларусі 27 жніўня распаўсюдзіў заяву ў сувязі з тым, што “на мяжы Непала і Кітая здарыліся разбуральная паводка і сход апоўзняў, выкліканыя землятрусам і анамальнымі ліўнямі”.

“Масіў, які сышоў, перакрыў рэчышча ракі Бхотэ-Косі. Прыродная катастрофа пацягнула за сабой шматлікія чалавечыя ахвяры і маштабныя разбурэнні“, — адзначыла ведамства.

Яно настойліва параіла суайчыннікам “выконваць меры асабістай бяспекі і ўлічваць бягучую абстаноўку ў выпадку неадкладнай неабходнасці паездак у пацярпелы рэгіён і прылеглыя зоны падвышанай рызыкі на тэрыторыях Непала, Індыі і Кітая“.

Паводле звестак Бі-Бі-Сі, на 28 жніўня толькі ў Непале загінула не менш за 579 чалавек, не менш за 1.924 лічыцца зніклымі без вестак, уключаючы сама меней 517 замежнікаў. У кітайскім Тыбеце загінула пяць чалавек, прапала без вестак — 558.

Падзяліцца: