Лукашэнка аднёс да “дробязяў ” пытанні паставак беларускага паліва ў Расію

28 жніўня, Позірк. Расіі няма ў чым папракнуць Беларусь, у тым ліку па такіх “дробязях“, як пастаўкі беларускага паліва на расійскі рынак. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з візітам у Маскве, падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным.
Палітык падзякаваў суразмоўцу і ўраду РФ за “бездакорнае на сённяшні дзень выкананне абавязанняў перад Беларуссю“. У сваю чаргу расійскі прэм’ер адзначыў, што, паводле даных РФ, двухбаковы тавараабарот за 5 месяцаў 2026 года вырас на 12,5%.
“Павінен яшчэ раз публічна вас запэўніць, што ўсё, што мы намячалі, выконваецца і будзе выканана. Ад дробязяў з палівам — дызелем, бензінамі рознымі і гэтак далей. Харчаванне. Мы выконваем свае абавязацельствы і нават перавыконваем. Можаце ніколькі не сумнявацца. Да сур’ёзных сістэмных пытанняў у рамках нашага саюза, у рамках ЕўрАзЭС“, — падкрэсліў Лукашэнка (цытата па тэлеграм-канале “Пул Первого“).
Ён таксама заявіў, што ў Беларусі чакаюць візіту Мішусціна на пачатку кастрычніка, калі ў Мінску адбудуцца пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага міжурадавага савета, а таксама II Міжнародная прамысловая выстава “Інапрам, Беларусь“.
Лукашэнка нагадаў, што 25 жніўня ў яго ў Мінску адбылася сустрэча з першым віцэ-прэм’ерам расійскага ўрада Дзянісам Мантуравым: “Мы правялі з ім змястоўную сустрэчу. Яна тычылася не толькі прамысловасці, але мы шмат гаварылі пра эканоміку нашых дзяржаў. Пацвердзілі нашы сумесныя праекты і ў авіябудаванні, і ў ваенна-прамысловым комплексе. Па ўсіх пытаннях знайшлі поўнае паразуменне”.
5 жніўня інфармагенцтва Reuters са спасылкай на свае разлікі і звесткі дзвюх крыніц у паліўнай галіне паведаміла, што пастаўкі бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў Расію ў ліпені 2026 года дасягнулі новага месячнага рэкорду.
Як адзначалася, гэта адбылося на фоне “дэфіцыту паліва, выкліканага незапланаванымі прыпынкамі расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасля некалькіх месяцаў бесперапынных удараў украінскіх беспілотнікаў”.
Паводле інфармацыі крыніц Reuters, аб’ёмы паставак бензіну з Беларусі ў РФ па чыгунцы ў ліпені выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі 212 тыс. тон, пастаўкі дызельнага паліва падвоіліся (да 162 тыс. т), авіяцыйнага паліва — знізілся з 16 да 13,1 тыс. т.
Агулам аб’ёмы чыгуначных перавозак бензіну з Беларусі ў Расію за першыя сем месяцаў года выраслі ў 25 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га і склалі амаль 665 тыс. т, пастаўкі дызпаліва павялічыліся амаль у 7 разоў, да 418 тыс. т.
Па выніках першай паловы 2026 года Беларусь адправіла ў РФ больш за 453 тыс. т бензіну, што амаль у 20 разоў больш, чым за аналагічны леташні перыяд, паведаміла 9 ліпеня ўкраінскае выданне “Апостраф“ са спасылкай на інфармацыю Reuters.
Паводле тых жа звестак, экспарт беларускага дызельнага паліва ў РФ за першыя шэсць месяцаў 2026 года вырас амаль у пяць разоў — да 256 тыс. тон.
У апошнія месяцы Украіна рэгулярна наносіць удары па расійскіх аб’ектах перапрацоўкі нафты і захоўвання нафтапрадуктаў, што прывяло да дэфіцыту паліва ў РФ. У многіх гарадах Расіі людзі стаяць у чэргах, каб заправіць машыны.
19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску. На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што толькі за студзень — травень пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, дызельнага паліва — у тры разы.
Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Маскву 27 жніўня, на 29 жніўня запланаваныя яго перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.


- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаГрамадскія слуханні па вызначэнні месца захоўвання ядзерных адходаў у Беларусі завершацца да канца года — міністр энергетыкіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЗапазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах вырасла за год на 12,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаПасля двухтыднёвага перапынку мігранты другія суткі спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю ўсіх трох суседніх краін ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ГрамадстваДа пачатку навучальнага года недахопы ліквідаваны ў 2 тыс. школ — МінадукацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаМАРГ абяцае "сур'ёзны запыт з усіх" за рост долі продажаў беларускіх тавараў, пагражае непапулярнымі мераміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка

