Мінск 17:45

У Маскве затрымалі расіянку, якая ўтрымлівала ў рабстве шасцярых беларусаў

Затрыманая жыхарка Балашыхі
Фота: ТАСС

8 траўня, Позірк. У сталіцы Расіі затрыманая жанчына, якая ўтрымлівала ў рабстве шасцярых грамадзян Беларусі, паведамляе ТАСС са спасылкай на галоўнае ўпраўленне МУС Маскоўскай вобласці.

Жыхарка Балашыхі (Маскоўская вобласць) падазраецца ў выкарыстанні рабскай працы, адзначае інфармагенцтва, яна “незаконна ўтрымлівала пецярых мужчын і жанчыну ў кватэры аднаго з дамоў у паказаным населеным пункце, ужывала да іх фізічны і псіхалагічны гвалт”.

Паводле звестак МУС, затрыманая забрала ў беларусаў мабільныя тэлефоны і пашпарты на падставе неабходнасці зрабіць ксеракопію.

Паведамляецца, што беларусаў прымушалі прасіць міласціну на вуліцах, “працоўная змена” доўжылася з самай раніцы да позняга вечара, штодзённы даход кожнага складаў 5–10 тыс. расійскіх рублёў (50–100 еўра), гэтыя грошы яны аддавалі расіянцы.

Паводле слоў затрыманай, раней яна сама займалася жабраваннем, але захварэла, і ёй гэта стала рабіць цяжка.

Грамадзяне Беларусі, узятыя ў рабства, не мелі пастаяннага месца жыхарства, некаторыя паходзяць з малазабяспечаных сем’яў, злоўжывалі алкаголем. Яны пацвердзілі, што грошай за жабраванне ім не плацілі.

Падзяліцца: