Мінск 19:30

Паводле інфармацыі Лябедзькі, у дачыненні да яго вядуцца справы паводле шасці крымінальных артыкулаў

Фота з сацсетак Анатоля Лябедзькі

1 снежня, Позірк. Крымінальныя справы паводле шасці артыкулаў вядуцца ў дачыненні да дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі.

Палітык паведаміў Позірку, што гаворка пра арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, <…> здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту, <…> альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы), ч. 1–3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, <…> паўторна, або групай асоб паводле папярэдняй змовы, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Лябедзька напісаў, што атрымаў “частковы доступ” да інфармацыі пра заведзеныя ў дачыненні да яго крымінальныя справы.

“Калі браць верхнюю планку, прадугледжанага кожным артыкулам тэрміна пакарання, то атрымліваецца… 77 гадоў. На практыцы такога не будзе, але ўяўленне пра апетыты і жаданні недапракурораў, недаследчых ёсць завершанымі, — адзначыў ён. — Што тут сказаць?! Ідэалагічныя і крэўныя спадчыннікі энкэвэдыстаў з 30-ых прыўзнялі века труны мінулага і маршыруюць па сённяшняй Беларусі. Размахваючы перад мільёнамі беларусаў карт-бланшам на ўседазволенасць і беспакаранасць”.

“Гэта самавольства скончыцца, у гэтым няма сумневаў. Але боль страт будзе адчувальным, а кошт выдаткаў высокім. А што тычыцца прававога боку гэтых таксічных спраў, то ў любым судзе любой еўрапейскай краіны я б распрануў да падштаннікаў усіх гэтых псеўдапракурораў, псеўдаследнікаў і ліпавых суддзяў з наступнай забаронай займацца прафесійнай дзейнасцю”, — дадаў палітык.

Пра пераслед у крымінальным парадку Лябедзька паведамляў яшчэ ў студзені 2022 года. Ён знаходзіцца за мяжой.

Сёлета 24 жніўня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 3,5 года пазбаўлення волі сына палітыка — Арцёма Лябедзьку, які быў абвінавачаны ў “фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання” (старая рэдакцыя арт. 3612 КК). Віну ён не прызнаў. Праваабаронцы лічаць мужчыну палітвязнем.

Падзяліцца: