Мінск 13:37

Па факце аварыі з трыма загінулымі падлеткамі ў Лельчыцкім раёне распачатая крымінальная справа

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

31 кастрычніка, Позірк. Па факце смяротнай аўтамабільнай аварыі, якая здарылася 31 кастрычніка ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць), распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое з неасцярожнасці прывяло да смерці дзвюх або больш асоб), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, “пяцёра непаўналетніх жыхароў г. п. Лельчыцы пасля сумеснага адпачынку вырашылі пакатацца па раёне”. “З гэтай мэтай 17-гадовы хлопец без дазволу ўзяў дома ключы ад “Аўдзі” свайго старэйшага брата, сеў за стырно і павёз прыяцеляў за горад. Кіроўца і частка пасажыраў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што сама аварыя здарылася “прыкладна ў 3:30” на 77-м кіламетры дарогі Р-36 (Мазыр — Лельчыцы — Мілашавічы — мяжа Украіны). Раней прэс-служба МУС называла крыху іншы час і месца — “каля 4:00” і 76-ы кіламетр гэтай дарогі.

“Юнак не даў рады кіраванню і выехаў на сустрэчную паласу. Пры спробе вярнуцца на сваю паласу аўтамабіль вынесла ў правы кювет на дрэва, — паведамляе СК. — У выніку ДТЗ загінулі трое пасажыраў іншамаркі (17, 17, 16 гадоў). Кіроўца і яшчэ адзін 15-гадовы пасажыр шпіталізаваныя”.

Следчыя і эксперты “фіксуюць слядавую карціну, вымаюць значныя для следства аб’екты”, дапытваюцца відавочцы.

“Канчатковая прававая ацэнка дзеянняў кіроўцы будзе дадзеная пасля правядзення комплексу следчых дзеянняў”, — адзначае ведамства.

Паводле інфармацыі МУС, за дзевяць месяцаў 2026 года здарылася 296 ДТЗ з удзелам непаўналетніх — на 16% менш, чым за аналагічны леташні перыяд. У гэтых аварыях загінула 17 чалавек, траўмавана — 316. Адзначаецца, што “з удзелам падлеткаў-кіроўцаў адбылося 80 дарожных аварый, у якіх пацярпелі 63 дзіцяці”.

“У выхадныя для ўзмацнення нагляду за дарожнай бяспекай па ўсёй краіне выводзяцца дадатковыя нарады ДПС, — паведаміла міністэрства. — У прыярытэце — выяўленне кіроўцаў у стане ап’янення і тых, хто не мае права кіравання. Супрацоўнікі актыўна выкарыстоўваюць у працы рэсурсы Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі”.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікала бацькоў кантраляваць вольны час і месцазнаходжанне дзяцей падчас канікул, а таксама выключыць іх доступ да ключоў ад аўта- і мотатранспарту.

Падзяліцца: