Мінск 23:22

Запрашэнне ад сваякоў або сяброў не гарантуе атрыманне візы — амбасада ФРГ

Цэнтральны чыгуначны вакзал сталіцы Германіі Берліна
Фота: "Позірк"

30 кастрычніка, Позірк. Запрашэнне ад сваякоў або сяброў можа спрасціць працэдуру разгляду заявы на шэнгенскую візу, але не гарантуе яе атрыманне. Пра гэта гаворыцца ў відэароліку амбасады Германіі ў Беларусі, знятым у рамках праекта “Visa: Mission Possible” (“Віза: місія выканальная”; адсылка да вядомых фільмаў з галівудскім акцёрам Томам Крузам “Місія невыканальная”, але з процілеглым сэнсам).

“Неабходна выканаць усе дзейныя прававыя нормы: фінансавае забеспячэнне паездкі, пераканаўчыя доказы прывязкі да краіны паходжання і намераў вярнуцца ў Беларусь“, — адзначыў прадстаўнік дыпмісіі.

Калі заяўнік раней ужо атрымліваў візу ў амбасадзе, асноўнай мэтай паездкі павінна была быць Германія або адна з краін, якія выдаюць візы ад яе імя.

Супрацоўнік амбасады назваў памылковай здагадку, што імавернасць атрымаць візу залежыць ад сумы сродкаў на банкаўскім рахунку: нібыта чым іх больш, тым шанцы вышэйшыя.

“Вы павінны засведчыць наяўнасць дастатковай сумы для паездкі. Пры гэтым важна, каб вашы даходы былі рэальнымі і сталымі. Калі на вашым рахунку нечакана з’явілася вельмі буйная сума без тлумачэння яе паходжання, гэта можа стварыць праблемы“, — папярэдзіў прадстаўнік амбасады.

Паводле яго слоў, калі заяўнік не можа сам аплаціць паездку, павінна быць прадстаўлена абавязацельства прымаючага боку.

Ролікі “Visa: Mission Possible” амбасада пачала выпускаць у траўні 2026 года. Як заявіла ў першым відэазвароце амбасадар Катрын аўс дэм Зіпен, яны закліканыя “зрабіць так, каб падача дакументаў на візу была паспяховай“.

У 2025 годзе амбасада ФРГ выдала грамадзянам Беларусі каля 42 тыс. шэнгенскіх віз. Яна ўваходзіць у дзясятку рэкардсменаў па выдачы віз сярод замежных прадстаўніцтваў Германіі ў свеце.

З-за вялікай колькасці ахвотных атрымаць шэнгенскую візу і абмежаваных магчымасцяў амбасады чаканне візіту туды пасля падачы заяўкі можа расцягнуцца на многія месяцы.

Падзяліцца: