Мінск 10:42

Ціханоўская: Рэжым спрабуе замяніць нашу гісторыю расійскай прапагандай, а культуру — “рускім светам”

Святлана Ціханоўская на "Ночы расстраляных паэтаў" 29 кастрычніка 2026 года ў Таліне
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

30 кастрычніка, Позірк. Аб важнасці памятаць пра злачынствы мінулага, каб яны ніколі не паўтарыліся, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 29 кастрычніка ў Таліне (Эстонія) у межах сустрэчы, прысвечанай “Ночы расстраляных паэтаў”, паведамляе прэс-служба палітыка.

Ціханоўская нагадала, што ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года сталінскія каты знішчылі ў Мінску больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх паэты, пісьменнікі, настаўнікі і дзеячы мастацтва — “адны з самых яркіх розумаў нашай нацыі”.

“Іх забілі не за тое, што яны ўчынілі нейкія злачынствы. Іх забілі за тое, што яны былі беларускімі галасамі. За тое, што пісалі па-беларуску. За тое, што верылі ў сваю краіну і яе будучыню. За адну ноч было амаль цалкам знішчана цэлае пакаленне беларускай культуры”, — падкрэсліла дэмлідар.

Палітык адзначыла, што Беларусь магла быць іншай краінай, калі б гэтым людзям дазволілі жыць.

Ціханоўская падкрэсліла, што і праз амаль 90 гадоў расійская палітыка не змянілася: беларускія пісьменнікі знаходзяцца ў турме, выдаўцоў пераследуюць, кнігі забараняюцца, мова выцясняецца са школ і грамадскага жыцця.

Рэжым, адзначыла дэмлідар, спрабуе замяніць беларускую гісторыю расійскай прапагандай, культуру — так званым “рускім светам”: “Яны хочуць, каб мы верылі, што ў нас няма ўласнай гісторыі. Няма ўласных герояў. Няма будучыні без Расіі”.

“Але яны памыляюцца. У Беларусі ёсць свая гісторыя, свая мова, свая культура і свае героі. І ніводны дыктатар не можа адабраць гэта ў нас. Вось чаму “Ноч расстраляных паэтаў” такая важная. Мы не проста ўспамінаем тых, хто быў забіты. Мы вяртаем іх галасы”, — падкрэсліла палітык.

Дэмлідар заклілала памятаць імёны забітых паэтаў, пісьменнікаў і нацыянальных герояў, чытаць іх кнігі і распавядаць пра іх дзецям, а таксама падтрымліваць тых, хто сёння працягвае ствараць беларускую культуру — часта ў выгнанні, часам з вялікай рызыкай для сябе.

“Бо абарона нашай культуры — гэта таксама абарона нашай незалежнасці”, — заявіла Ціханоўская.

Яна падзякавала Міністэрству замежных спраў Эстоніі за дапамогу ў арганізацыі “Ночы расстраляных паэтаў”, і адзначыла, што гэтая краіна разумее беларусаў лепш, чым многія іншыя, бо ведае, што значыць жыць ва ўмовах расійскай акупацыі і калі нехта спрабуе адабраць у краіны мову, гісторыю і ідэнтычнасць.

У мерапрыемстве ўзяла ўдзел міністар культуры Эстоніі Хейдзі Пурга, яна прачытала са сцэны адзін з вершаў.

Ноч на 30 кастрычніка 1937 года — адна з найбольш змрочных старонак у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады НКУС расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.

Сярод іх былі 22 літаратары, у тым ліку Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Майсей Кульбак, Ізі Харык, Васіль Сташэўскі, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Коваль, Макар Шалай, Арон Юдэльсон і інш.

Забойствы праводзіліся ва ўнутранай турме НКУС (цяпер СІЗА КДБ, так званая “Амерыканка”) і ў падвалах Пішчалаўскага замка (да нядаўняга часу СІЗА № 1, “Валадарка”).

З 1988 года беларусы ў розных гарадах свету праводзяць акцыі ўшанавання расстраляных. У Беларусі мерапрыемствы з літаратурнымі чытаннямі і выступамі музыкаў традыцыйна праходзілі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе пахаваныя шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Апошні такі сход адбыўся ў 2020 годзе, пасля чаго з меркаванняў бяспекі іх вырашылі больш не праводзіць. Цяпер акцыі ладзяцца за мяжой. У Беларусі Курапаты штогод наведваюць еўрапейскія дыпламаты, якія маюць імунітэт.

Гл. таксама па тэме:

Чорная ноч беларускай літаратуры. Як захавалася памяць аб расстраляных паэтах

“Ноч расстраляных паэтаў” у Ерэване прайшла з удзелам іранцаў, якія выступаюць супраць рэжыму аятол

Падзяліцца: