Мінск 21:27

Мытня Літвы канфіскавала ў двух беларусаў 14 тыс. еўра — гатоўка вывозілася ў парушэнне санкцый

Фота: Мытная крымінальная служба Літвы

29 кастрычніка, Позірк. Аб спробе дваіх грамадзян Беларусі незаконна вывезці 14 тыс. еўра паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку“ Мытная крымінальная служба Літвы.

Адзначаецца, што 28 кастрычніка ў пункце пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі) пры праверцы аўтамабіля Toyota Avensi мытнікі выявілі ў кіроўцы і пасажыра 14 тыс. еўра.

“Каб незаконна вывезці валюту, мужчыны падзялілі грошы. Адзін з іх перавозіў 7 тыс. еўра пад курткай, прыляпіўшы іх да спіны. Другі схаваў такую ж суму ў задняй кішэні штаноў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У адносінах да абодвух складзены адміністрацыйныя пратаколы за кантрабанду гатоўкі і парушэнне міжнародных санкцый. Адзначаецца таксама, што “грошы, якія незаконна перавозіліся, забраныя”, парушальнікам “пагражаюць штрафы і канфіскацыя гатоўкі”.

“У сувязі з санкцыямі ЕС вываз банкнот еўра ў Беларусь строга забаронены. Выключэнне распаўсюджваецца толькі на вельмі невялікія сумы, прызначаныя выключна для асабістых патрэб падчас паездкі (не больш за 60 еўра гатоўкай на чалавека)”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Падзяліцца: