Мінск 21:56

Мінлясгас: Попыт на пялеты ў насельніцтва вырас за год у 3,5 раза

29 кастрычніка, Позірк. За дзевяць месяцаў 2026 года лясгасы рэалізавалі насельніцтву 6,2 тыс. тон пялетаў (паліўных гранул) супраць 1,8 тыс. т за той жа леташні перыяд, паведаміла Міністэрства лясной гаспадаркі.

Такім чынам, адзначае ведамства, за год попыт вырас у 3,5 раза. Агулам на ўнутраным рынку рэалізавана за 9 месяцаў больш за 70 тыс. т пялетаў.

У сістэме Мінлясгаса вытворчасцю пялетаў займаюцца каля двух дзясяткаў лясгасаў.

Пасля ўвядзення санкцый ЕС у сакавіку 2022 года Беларуская дрэваапрацоўчая галіна страціла легальны доступ да еўрапейскага рынку шэрагу відаў драўнянай прадукцыі, уключаючы паліўныя пелеты. Пры гэтым расследаванні паказваюць, што частка беларускай драўнянай прадукцыі працягвала трапляць у ЕС праз трэція краіны і з меркавана ілжывым указаннем паходжання.

24 траўня 2025 года Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што ў Еўропе “ачухаюцца“ і стануць зноў купляць беларускія пялеты.

“Так, санкцыі па нас ударылі: Еўропа ўсё гэта скупляла па пэўных цэнах, цяпер яны, адурэўшы, стрэлілі сабе ў нагу і гэта не купляюць. Маюць велізарную цану па электраэнергіі, па газе і гэтак далей. Яны ачухаюцца. Яны прыйдуць да нас”, — выказваў упэўненасць прамоўца.

У Беларусі створана 64 вытворчасці, якія ў агульнай складанасці выпускаюць каля 900 тыс. тон пялетаў у год.

17 верасня 2026 года ЗША знялі санкцыі з канцэрна “Беллеспаперапрам“ і ААТ “Лакафарба“ (месціцца ў Лідзе, Гродзенская вобласць). Днём раней па выніках перамоваў у Мінску спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Лукашэнкі было вызвалена і выведзена ў Літву 25 палітвязняў. Наўзамен Коўл анансаваў зняцце санкцый з канцэрна і прадпрыемства.

12 кастрычніка Лукашэнка чарговым разам раскрытыкаваў еўрапейскія краіны за адмову купляць у Беларусі прадукцыю дрэваапрацоўкі.

“Мяне здзіўляюць наогул палякі. Дровы ў Польшчы, ды і ў Літве, ва ўсіх суседзяў дровы падаражэлі. Ну вазьміце дровы, пялеты і іншае па прымальнай цане. Упірацца. Ну, не хочуць браць-не трэба. Заўтра мы ім не зможам прадаць. Таму што мы масіравана пачалі пераходзіць самі на гэтыя дровы і пялеты. Добрая тэхналогія. Гомель (прадпрыемства ў гэтым абласным цэнтры. — “Позірк“.) робіць добры кацёл — пялеты ў бункер засыпаў і аўтаматычна падаецца. Мы асвоім гэта. Нам самім патрэбныя будуць гэтыя дровы і пялеты“, — сказаў Лукашэнка.

Беларускія пялеты прадавалі ў ЕС праз турэцкіх пасярэднікаў, гаварылася ў чэрвеньскім матэрыяле Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ).

Паводле звестак БРЦ, з 2022 па 2024 год Турцыя экспартавала ў ЕС амаль 250 тыс. т драўняных гранул на 66 млн еўра. Гэта, паводле даных БРЦ, у 10 разоў больш па кошце, чым за папярэднія тры гады.

У 2025-м “анамальна высокі ўзровень” экспарту з Турцыі ў ЕС вярнуўся да дасанкцыйных паказчыкаў, склаўшы ў гадавым вылічэнні 3 млн еўраў, адзначалася ў публікацыі.

Паводле звестак польскай пракуратуры, атрыманых БРЦ, у сярэдзіну 2026 года ў вытворчасці знаходзілася 187 крымінальных спраў па фактах абыходу санкцый супраць Беларусі і РФ. Агулам з пачатку дзеяння абмежаванняў зарэгістравана амаль 2,5 тыс. такіх спраў: 85% з іх тычыліся Беларусі, сама меней 91 крымінальная справа звязаная непасрэдна з прадукцыяй дрэваапрацоўчай прамысловасці. Некаторыя справы прывялі да арыштаў і судовых разглядаў, падкрэсліваецца ў расследаванні.

У студзені 2025-га ў расследаванні арганізацыі Earthside гаварылася, што беларуская фанера таксама паступае ў ЕС у абыход санкцый.

Падзяліцца: