Мінск 20:42

Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам атрымаюць новыя паўнамоцтвы ў будаўніцтве

29 кастрычніка, Позірк. Указ, які пашырае паўнамоцтвы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама “пры вызначэнні асаблівасцяў праектавання і будаўніцтва аб’ектаў, якія маюць першачарговае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў”, падпісаў 29 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент карэктуе ўказ ад 2 ліпеня 2025 года № 266. Новыя нормы пачнуць дзейнічаць 1 студзеня 2027 года.

З гэтай даты згаданыя выканкамы змогуць сваімі рашэннямі дазваляць закупкі тавараў, работ і паслуг з адной крыніцы ў дзяржаўных арганізацый не толькі за кошт бюджэту, але і за ўласныя сродкі.

У іх паўнамоцтвы таксама ўвойдуць дазвол на высечку дрэў і кустоў з наступным продажам нарыхтаванай драўніны і размяшчэнне аб’ектаў на тэрыторыі рэгіёна з адступленнем ад зацверджанага праекта дэталёвага планавання.

Рэгіянальныя ўлады змогуць дазваляць заказчыкам і забудоўшчыкам самастойна атрымліваць тэхнічныя ўмовы на інжынерна-тэхнічнае забеспячэнне аб’ектаў, а забудоўшчыкам — прымяняць вырабленыя ў завадскіх умовах модульныя збудаванні без распрацоўкі праектнай дакументацыі.

Акрамя таго, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам змогуць вызначаць радовішчы карысных выкапняў, у тым ліку пяску і жвіру, дзе дазваляецца здабыча для будаўніцтва такіх аб’ектаў. Матэрыялы па адвядзенні зямельных участкаў пры гэтым будуць афармляцца паралельна.

Яны таксама атрымаюць права вызначаць заказчыкаў, якія будуць распрацоўваць праекты дэталёвага планавання тэрыторый за ўласныя сродкі. Раней гэта ажыццяўлялася выключна за кошт бюджэту.

Таксама ўказам для скарачэння тэрмінаў прыняцця рашэнняў пра асаблівасці праектавання і будаўніцтва першачарговых аб’ектаў адмяняецца неабходнасць узгадняць іх з Саветам міністраў.

Падзяліцца: