Мінск 23:05

У Палату прадстаўнікоў накіраваны праект новай рэдакцыі закона “Аб ахове працы“

29 кастрычніка, Позірк. З улікам прапаноў спецыялістаў, якія непасрэдна займаюцца пытаннямі бяспекі працы, распрацаваны праект новай рэдакцыі закона “Аб ахове працы“, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Токун на XII беларуска-расійскай навукова-практычнай канферэнцыі па пытаннях аховы працы.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Мінпрацы, дакумент, які распрацоўваўся больш за год, ужо знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Законапраект рыхтуюць да першага чытання.

“За патрабаваннямі аховы працы стаяць жыцці і здароўе людзей, дабрабыт іх сем’яў. Таму важна папярэджваць няшчасныя выпадкі, не чакаючы трагедыі”, — сказаў намеснік міністра.

Канферэнцыя прайшла ў рамках XXX Міжнароднага энергетычнага форуму (27-30 кастрычніка). Яе ўдзельнікі абмеркавалі змены заканадаўства Беларусі і Расіі, магчымасці яго далейшага збліжэння, распаўсюджаныя парушэнні патрабаванняў аховы працы і спосабы іх папярэджання, адзначае Мінпрацы. Асобная ўвага была ўдзелена патрабаванням да сродкаў індывідуальнай абароны і спосабам зніжэння вытворчага траўматызму.

18 кастрычніка на малочна-таварнай ферме ў Добрушскім раёне загінуў 55-гадовы жывёлавод, які ўпаў на элементы сістэмы гною.

14 кастрычніка ў Магілёве рабочы загінуў пасля падзення з трохметровай вышыні. 57-гадовы слесар-рамонтнік вымяраў узровень паліва ў цыстэрнах на тэрыторыі прадпрыемства.

8 кастрычніка на прадпрыемстве ў Брэсцкім раёне загінуў 17-гадовы падсобны рабочы. Падчас выпрабаванні вентыляцыйнай устаноўкі яго зацягнула ўнутр плынью паветра.

У красавіку намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун паведаміў, што за апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, смяротны — у два. Паводле звестак ведамства, у 2025 годзе зафіксаваны гістарычны мінімум колькасці смяротных выпадкаў на працы — 103.

Падзяліцца: